6 лютага маладыя людзі з Душпастырства студэнцкай і працуючай моладзі Гродна "OPEN" склалі віншаванні свайму душпастыру. Ксёндз Антоні Грэмза ў гэты дзень адзначаў 40-годдзе.
Супольнае святкаванне пачалося святой Імшой у гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгідскім). Падчас Імшы шматлікая моладзь малілася за свайго душпастыра, які ў гэты дзень асаблівым чынам дзякаваў за дар жыцця.
Скласці віншаванні прыйшлі і тыя, якія выраслі ў гэтым душпастырстве, а сёння маюць ужо свае сем’і і дзяцей. Маладыя людзі дзякавалі святару за ініцыятыву стварэння душпастырства, якое сёння аб’ядноўвае каталіцкую моладзь Гродзеншчыны.
У душпастырстве "OPEN" многія маладыя людзі знайшлі свайго мужа ці жонку. Сёння гэта ўжо сем’і, якія таксама прымаюць актыўны ўдзел у жыцці Касцёла.
"Дзякуючы Вам у нас столькі маладых сем’яў, дзякуючы Вам у Гродзенскай вобласці жыве дух каталіцкай моладзі, дзякуючы Вам у нас усіх ёсць яшчэ адзін дом у цэнтры Гродна", - адзначалі маладыя людзі, звяртаючыся да святара.
Ксёндз Антоні Грэмза, дзякуючы за супольнае святкаванне юбілею, сказаў, што прысутнасць моладзі ў яго жыцці з’яўляецца самым лепшым падарункам на наступныя гады служэння і што ў гэтым яго матывацыя для далейшага служэння і прабывання з імі.
"Няхай нават у душпастырстве змяняюцца людзі. Некаторыя сыходзяць, губляюцца, хтосьці прыходзіць, але заўсёды ёсць сэнс працягваць пачатую справу. Веру, што Езус будзе сам распальваць свой агонь у нас і дапамагаць іншым праз нас прыйсці да Яго", - дадаў кс. Грэмза.
Душпастырства каталіцкай моладзі "OPEN" існуе з 2006 года. На сустрэчы, якія праводзіць супольнасць, могуць прыходзіць не толькі католікі, але таксама хлопцы і дзяўчаты іншай веры. Падчас сустрэч сабраныя размаўляюць на розныя тэмы, якія цікавяць моладзь.
Ксёндз Антоні Грэмза з’яўляецца душпастырам "OPEN" з самага пачатку яго заснавання.
Кс. Юрый Марціновіч