29 студзеня ў Доме культуры мястэчка Сапоцкін адбыўся вечар, прысвечаны спеву калядак і пастаралак. Гэтае свята адбылося ўжо ў 16-ы раз і сабрала шматлікіх вернікаў з Сапоцкінскага дэканату, гасцей з Гродна і ваколіц.
У свяце ўдзельнічалі таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч i Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Ярослаў Ксёнжэк.
Сапоцкінскі Дом культуры стаў своеасаблівым Бэтлеемам, дзе кожны ўдзельнік свята мог знайсці для сябе адпаведнае месца і адчуваць сябе добра. Перш за ўсё нагодай для правядзення святочнага канцэрта было прыйсце ў свет Божага Сына, які стаў Богам, такім блізкім для людзей.
Разам славіць Бога
Вернікі традыцыйна сустрэліся, каб разам праслаўляць Бога ў Таямніцы Яго Нараджэння. Гэта была сустрэча радасці і ўдзячнасці, што Пан пасяліўся між намі.
Вітаючы ўсіх гасцей і ўводзячы ў атмасферу дня, арганізатар свята кс. Антоні Абухоўскі, пробашч сапоцкінскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, назваў вялікім прывілеем тое, што мясцовы Дом культуры кожны год збірае столькіх людзей, якія прыходзяць найперш з патрэбы сваго сэрца, каб разам славіць Бога.
Святар адзначыў, што такія сустрэчы вельмі патрэбны сучаснаму чалавеку, які пастаянна шукае ў віры жыцця пэўных навінак і адкрыццяў. “Гэтая сустрэча яднае нас усіх у адну сям’ю, якая дазваляе нам адчуць, што наш Пан сапраўды вялікі і жадае даць кожнаму з нас супакой”, – сказаў кс. Антоні Абухоўскі.
Варта адзначыць, што гэты дэканальны прагляд калядак ужо даўно выйшаў за межы свайго дэканату, на яго прыязджаюць, каб прыняць удзел у спеве, суполкі і хоры з-за яго межаў. Усіх яднае адно захапленне – спеў, які з’яўляецца таксама своеасаблівай малітвай.
У сёлетняй праграме выступілі як дзіцячыя і моладзевыя гурты, так і салісты, дуэты. Былі і парафіяльныя хоры, якія праз свой просты спеў калядак паказалі прывязанасць да Касцёла, да традыцыі і любоў да спеву.
Уся сям’я на сцэне
Прыгожае сведчанне дала сям’я Станкевіч з Сапоцкіна, якая ўжо шмат гадоў удзельнічае ў гэтым свяце. На сцэну сям’я выйшла разам. Грыгорый і Аксана, а таксама іх дочкі Агнешка, Рэната і Юстына паказалі, што праз спеў уся сям’я звяртаецца да Бога.
Сям’я Станкевіч прызнаецца, што вельмі часта спявае дома, падчас кожнага свята. “Муж бярэ ў рукі гітару, і ўсе пачынаем спяваць. Так адзначаем Божае Нараджэнне, спяваючы калядкі ў нас дома, за вігілійным сталом”, – кажа Аксана.
Сваім выступленнем сям'я дала цудоўны прыклад для іншых сем’яў, як трэба практыкаваць супольную малітву, бо спеў — гэта таксама адна з яе форм.
На сцэне выступілі i госці з іншых дэканатаў. Прыбылі дзіцячыя гурты “Misterium” з парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне, якія прадставілі ўвазе слухачоў вясёлыя калядкі.
Гурт Душпастырства студэнцкай моладзі OPEN у Гродне паказаў у сваім спеве, як належыць прыняць у жыццё Бога, які нарадзіўся, і як перамяняць сваё сэрца, каб Бог валадарыў у ім.
На сцэну ў сапоцкінскі Бэтлеем завітаў таксама дзіцячы гурт “Вясёлая грамада”, гурт “Ave” з Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, моладзевы хор парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы і шмат іншых гуртоў і індывідуальных выканаўцаў.
Асаблівую ж увагу прыцягнула выступленне дзіцяча-моладзевага гурта “Laudate Dominum” з сапоцкінскай парафіі. Кожны год яны стараюцца прыдумаць нешта арыгінальнае і, дзякуючы несамавітым ідэям, атрымліваюцца цудоўныя выступленні. Напрыклад, сёлета гурт заспяваў калядку на розных мовах.
Напоўніць сэрца добрымі ўчынкамі
На заканчэнне да прысутных звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч. Гродзенскі ардынарый адзначыў, што гэтая сустрэча прынесла мноства пазітыўных эмоцый і ўражанняў кожнаму ўдзельніку.
Па словах іерарха, праз спеў калядак мы затрымліваем атмасферу святаў Божага Нараджэння сярод нас. Біскуп дадаў, што гэтае Божае Нараджэнне павінна адбывацца ў сэрцы чалавека кожны дзень і, каб так магло стацца, сэрца павінна быць напоўнена добрымі ўчынкамі.
Іерарх падзякаваў за падтрымку прыгожых традыцый, за тое, што дзякуючы супольнаму спеву калядак і пастаралак кожны мог сэрцам убачыць Божае Дзіця; падзякаваў за ўдзел у падрыхтоўцы канцэрта і за цудоўнае адлюстраванне ў спеве той вялікай таямніцы Божай Любові, якая прывяла Езуса на зямлю.
XVI Дэканальны прагляд калядак і пастаралак у Сапоцкіне стаў своеасаблівым сведчаннем веры, бо нагадаў таксама праўду аб тым, што Бог заўсёды павінен быць на першым месцы ў жыцці чалавека.
Кс. Юрый Марціновіч