17 снежня прыпадае 20-я гадавіна смерці а. Станіслава Гаўліка CMF, які значную частку свайго святарскага жыцця прысвяціў справе адраджэння Касцёла на Гродзеншчыне. Прыклад яго ахвярнага жыцця, даверу Богу, любові да Касцёла і людзей годны наследвання.
Айцец Станіслаў Гаўлік нарадзіўся ў 1945 г. у Тшэбніцы каля Вроцлава (Польшча). З дзяцінства марыў быць святаром. Калі надышоў момант жыццёвага выбару, не мог паступіць у семінарыю, бо мусіў даглядаць хворага бацьку. Працаваў санітарам у мясцовым шпіталі. Адначасова быў сакрыстыянінам у базыліцы св. Ядвігі Сілезскай.
Пасля смерці бацькі уступіў ва ўзросце 34 гадоў у супольнасць місіянераў кларэтынаў. У 1986 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Апошнія сем гадоў жыцця правёў у Беларусі, дзе займаўся душпастырскай працай і выкладаў у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі пачаў у 1990 г. Спачатку быў пробашчам парафіі ў Прывалках, дзе аднавіў гістарычную святыню. Затым распачаў будаўніцтва касцёла ў Азёрах і капліцы ў Пераломе. Аднавіў капліцы ў Кашубінцах і Жытомлі.
Вернікі, якія сёння ўспамінаюць свайго былога душпастыра, адзначаюць, што ў яго быў моцны і прыгожы голас. Ён вучыў спяваць дзяцей, моладзь і старэйшых людзей. Пасля кожнай святой Імшы ён выходзіў, каб абмяняцца некалькімі словамі з вернікамі і прывітаць гасцей парафіі. Для многіх ён стаў духоўным правадыром і настаўнікам.
Яго былыя парафіяне запомнілі гэтага святара, які памёр 20 гадоў таму, як чалавека, які абдымаў сваім сэрцам кожнага і верна служыў Богу.
Айцец Станіслаў Гаўлік адышоў у вечнасць 17 снежня 1996 г. у Трэбніцы.
JM