Skip to main content

“Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі праводзіць дабрачынную акцыю “Калядная свечка”

IMG 2595Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі праводзіць перад святамі Божага Нараджэння штогадовую дабрачынную акцыю “Свечка дапамогі дзіцяці, якое знаходзіцца ў патрэбе”, ці “Калядная свечка”.

Сабраныя сродкі пойдуць на дапамогу сацыяльна неабароненым дзецям. Кожны, хто хоча дапамагчы дзецям, якія знаходзяцца ў патрэбе, мае такую магчымасць далучыцца да дабрачынных спраў “Карытас”.

Дабрачынная акцыя “Калядная свечка” праходзіць у Беларусі ўжо многія гады. З кожным годам да акцыі далучаецца ўсё больш вернікаў, а значыць, усё большай колькасці дзяцей удаецца дапамагчы.

З пачаткам Адвэнту такія свечкі распаўсюджваюцца ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі, і далучыцца да акцыі могуць усе вернікі і людзі добрай волі.

Дырэктар гродзенскага “Карытас” кс. д-р Раман Рачко адзначыў, што сабраныя ахвяраванні будуць накіраваны на дапамогу дзецям, якія знаходзяцца ў патрэбе: сіротам, паўсіротам, дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, дзецям і моладзі, якія з’яўляюцца інвалідамі.

Штогод дзякуючы служэнню “Карытас” сотні дзяцей маюць магчымасць удзельнічаць у летніх аздараўленчых лагерах, наведваць пазнавальныя экскурсіі, удзельнічаць у працы навучальных груп, творчых гурткоў у дзіцячых сацыяльных лагерах, прымаць удзел у спецыяльных святах, атрымліваць адрасную дапамогу.

Дзякуючы ахвяраванням, сабраным ад продажу свечак, мноства дзяцей будуць сагрэты і накормлены, атрымаюць станоўчы досвед малітвы і зносінаў.

IMG 2595

Мэта акцыі “Калядная свечка” – данесці дзецям вестку, што Бог і людзі навокал любяць іх, выяўляюць асаблівую ўвагу і клопат аб іх будучыні. Кожная запаленая калядная свечка – асабісты ўнёсак у апеку над сацыяльна неабароненымі дзецьмі. Бо кожны, хто запаліць такую свечку, дапаможа запаліць агеньчык надзеі і дабра ў дзіцячых сэрцах.

Кс. Юрый Марціновіч