27 лістапада ўдзельнікі Душпастырства студэнцкай і працуючай моладзі Гродна “OPEN” правялі дабрачынную акцыю на карысць хворых дзяцей “Пячэнька за пячэнька”. Aкцыя адбылася ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя.
За складзеныя ахвяраванні моладзь у знак удзячнасці давала ахвярадаўцам уласнаручна зробленае печыва і дзялілася рэцэптамі па яго вырабе.
Акцыя найперш была скіравана на дапамогу дзецям з асаблівасцямі развіцця з Гродзенскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Матэрыяльныя сродкі, сабраныя з акцыі, па традыцыі будуць перададзены для хворых дзяцей, інвалідаў і іх сем’яў. Дзякуючы сродкам, якія ўдалося сабраць моладзі, будуць арганізаваны таксама розныя акцыі для дзяцей з нагоды святаў Божага Нараджэння, Вялікадня, Дня інваліда і адпачынак для хворых дзяцей.
У сёлетняй акцыі прыняло ўдзел вельмі шмат маладых валанцёраў, якія самастойна прыгатавалі дома печыва, і людзей добрай волі, якія перадалі на гэтую мэту матэрыяльныя ахвяраванні.
У размове з grodnensis.by кс. Антоні Грэмза, душпастыр моладзі, адзначае, што валанцёры, як і самі ахвярадаўцы, выказалі сваю вялікую салідарнасць найперш з хворымі дзецьмі і інвалідамі. “Было радасна глядзець на салідарнасць моладзі і нашых вернікаў. Гэта агульны ўнёсак усіх у развіццё нашых спраў міласэрнасці”, - кажа святар.
Валанцёры разам са сваім душпастырам кс. Антоніем Грэмзам вельмі ўдзячныя кс. Яну Кучынскаму, пробашчу катэдральнай парафіі, за дазвол на правядзенне гэтай акцыі, і ўсім, хто актыўна ўключыўся ў яе, перадаючы грошы на гэтую справу.
Кс. Юрый Марціновіч