22 лістапада, на ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі, у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкім) у Гродне адбылася ўрачыстая святая Імша.
Падчас Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі ўсіх арганістаў, харыстаў і касцёльных музыкаў дыяцэзіі. Музычнае аздабленне Імшы падрыхтаваў гродзенскі хор “Cantate Domino”.
Гамілію прамовіў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, распавёўшы ў ёй аб постаці святой Цэцыліі. Іерарх нагадаў, што гэтая святая належыць да ліку першых мучанікаў старажытнага Касцёла, для якіх смерць дзеля Хрыста была натуральным вызнаннем веры.
“Святая Цэцылія была не толькі слухачом словаў Праўды: яна будавала на Евангеллі – на Хрысце, будавала ўласны дом на скале. Арышт, спачуванне салдат, слёзы родных і сяброў, гвалтоўны гнеў намесніка абрынуліся на гэты дом, але ён не быў зруйнаваны, бо быў узведзены на скале веры”, - дадаў біскуп.
Як нагадаў іерарх, апякунка касцёльнай музыкі верыла, што каты не заб’юць яе, але толькі “маладосць часовую заменяць на вечную маладосць у яе Абранніка, Хрыста”. Біскуп звярнуў увагу, што дзякуючы спеву душы, якая любіць Бога, святая Цэцылія стала апякункай харыстаў, музыкаў, арганістаў, касцёльных музычных супольнасцяў, і заклікаў усіх да развіцця талентаў, атрыманых ад Пана.
“Звяртаюся з просьбай да ўсіх – не марнуйце талентаў, атрыманых ад Пана Бога. Спявайце Пану з воклічамі радасці”, - гэтымі словамі завяршыў сваю гамілію біскуп.
Кс. Юрый Марціновіч