19 лістапада вернікі з парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне здзейснілі паломніцтва ў Вільню да Маці Божай Вострабрамскай. Пілігрымы наведалі касцёл св. Пятра і Паўла, Гару Трох Крыжоў, Віленскую архікатэдру і іншыя славутасці горада.
А 16 гадзіне ў касцёле св. Тэрэзы распачалася св. Імша на беларускай мове, дзе сабраліся паломнікі з розных куткоў краіны, якія прыехалі ўшанаваць Маці Божую ў Вострабрамскім абразе. На супольнай малітве сабраліся таксама шматлікія святары. Узначаліў Эўхарыстыю Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што "ў год Божай Міласэрнасці мы прыходзім да Маці Божай падзякаваць за ўсе атрыманыя ласкі". Іерарх таксама заклікаў прысутных адкрыцца на міласць Бога, і дазволіць ёй дзейнічаць унутры нас.
На заканчэнне Імшы Мітрапаліт падкрэсліў той факт, што сёлета ўрачыстасці Маці Божай Вострабрамскай сабралі большую колькасць вернікаў, чым у мінулым годзе: "Вялікая прысутнасць пілігрымаў з Беларусі цешыць маё вока і радуе сэрца!"
Вольга Сяліцкая