19 лістапада клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне разам з кс. прэфектам Андрэем Лішко здзейснілі падарожжа ў Вільню. Навучэнцы накіраваліся ў гэты горад, каб памаліцца ля абраза Маці Божай Вострабрамскай, якая шануецца хрысціянамі ўсіх канфесій і з'яўляецца галоўнай заступніцай Гродзенскай дыяцэзіі.
Падчас пілігрымкі семінарысты наведалі Віленскі хоспіс імя бл. Міхала Сапоцькі, дзе цяжкахворымі апякуюцца сёстры Божай Міласэрнасці. Для будучых святароў іх праца з’яўляецца прыкладам ахвярнага служэння найбольш пакутуючым.
Разам з беларускімі пілігрымамі з Гродзенскай і іншых дыяцэзій клерыкі прынялі ўдзел ва ўрачыстай літургіі ў касцёле св. Тэрэзы ў Вільні. Яны маліліся ў інтэнцыі ўсіх вернікаў беларускай зямлі разам з кс. арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, які цэлебраваў Імшу.
Каля цудадзейнага абраза Маці Міласэрнасці кожны з семінарытсаў меў таксама магчымасць асабіста падзякаваць за ўсе атрыманыя ласкі, якімі няспынна адорвае сваіх дзяцей Найсвяцейшая Панна Марыя.
Кл. Яўген Амосенак