Skip to main content

“Дзень пакаяння” адбыўся ў парафіi Святой Сям’і ў Лідзе

IMG 4089Грэх – гэта найбольш драматычная справа ў жыцці чалавека. Пакаянне і перапрашэнне з’яўляюцца неад’емнай умовай, каб прыняць вялікі дар Божай міласэрнасці. Таму парафія Святой Сям’і ў Лідзе вырашыла праз пакаянне ўзнагародзіць Божае Сэрца за ўласныя грахі, грахі сваіх сем’яў і ўсяго горада. З гэтай мэтай 18 лістапада праз строгі пост на хлебе і вадзе, ружанцовую малітву і супольную Эўхарыстыю вернікі рыхтаваліся да складання ўрачыстага акту перапрашэння.

DSC03737Ірына Мазоль, якая прыняла ўдзел у “Дні пакаяння”, адзначае, што гэта была не проста адарацыя: „тое, што адбылося ў гэты дзень – неацэннае, гэта трэба было перажыць, але адчуваю, што адбылося нешта вельмі важнае перш за ўсё ў нашых сэрцах, а таксама ў тых, за каго ў такім адзіным духу мы маліліся”. Парафіянка дадае, што шмат вернікаў лідскай парафіі ўпершыню ў сваім жыцці рашыліся на пост на хлебе і вадзе. А на набажэнстве сабралася вельмі вялікая колькасць вернікаў, якія прыбылі не з прымусу, а з патрэбы сэрца.

„Калі пад’ехала да касцёла, назірала, як да яго сцякаецца рака парафіян, адчуваўся ва ўсім спакой і рашучасць, а быў жа звычайны дзень, ніхто нікога не прымушаў. Амаль чатыры гадзіны праляцелі як адна хвіліна, Дух Святы вёў ксяндза Юзафа, сястру Катажыну, кожнае слова пранікала глыбока, да самай косці”, - дзеліцца сваімі ўражаннямі Ірына, дадаючы, што “ўсе былі проста паглынутыя малітвай, нас было шмат, але былі быццам адно сэрца, адна сям’я, Святая Сям’я, такі сямейны дух, дзе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”.

Жанчына прызнаецца, што “выходзіла з касцёла з дзіўным пачуццём, што сэрца не мае памеру”. “Зараз па-асабліваму разумею словы: жыву не я, а жыве ўва мне Хрыстус Пан, таму што Ён жыве ў кожным сэрцы”, - кажа Ірына.

Арганізатары сустрэчы падкрэсліваюць, што не спадзяваліся на такую зацікаўленасць гэтай падзеяй, аўтарам і ініцыятарам якой, па іх словах, быў сам Дух Святы. „Мы ўдзячныя Богу за тое, што запрасіў нас да ўдзелу ў гэтай вялікай справе”, - адзначае с. Катажына Бучынская.

Удзельнікі гэтага выключнага набажэнства вельмі ўдзячныя ўсім арганізатарам за стварэнне такой магчымасці, каб супольна перапрасіць Бога за свае грахі і грахі ўсяго горада. “Гэта паказала нашу сталасць як хрысціян, тое, што мы можам вызнаваць веру не толькі вуснамі, але і справай”, - кажа Ірына Мазоль.

Вернікі дзякуюць кс. каноніку Юзафу Ганьчыцу, с. Катажыне Бучынскай, усім святарам і сёстрам законным за арганізацыю гэтай малітоўнай сустрэчы, якая была так патрэбна, каб нанова распаліць агонь веры, любові і надзеі ў іх сэрцах.

Кс. Юрый Марціновіч