Skip to main content

Біскуп Кашкевіч ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету ў Суботніках: у кожным чалавеку бачыць брата і сястру

subotniki1620 лістапада, ва ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у межах кананічнай візітацыі Іўеўскага дэканату біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію ў Суботніках.

У гэты дзень іерарх наведаў капліцы ў Васілевічах і Кудэйшах, дзе сустрэўся з вернікамі, скіраваў да іх пастырскае слова і ўмацаваў благаслаўленнем.

subotniki7

У парафіяльным касцёле св. Уладзіслава ў Суботніках гродзенскі ардынарый узначаліў святую Імшу з удзелам шматлікіх вернікаў і гасцей.

Вера і ахвярнасць парафіян захавала святыню

Вітаючы пастыра дыяцэзіі, пробашч парафіі кс. Аляксандр Лебядзевіч прасіў біскупа умацаваць сваім благаслаўленнем усіх вернікаў і дадаць адвагі ў штодзённым крочанні шляхам Божых запаведзяў.

Пробашч азнаёміў біскупа з гісторыяй парафіяльнай святыні, якой ужо 112 гадоў і якая перажыла розныя падзеі, звязаныя з будаўніцтвам касцёла, росквітам рэлігійнага жыцця і часам пераследу. Святар адзначыў, што ў мінулым былі спробы зачыніць святыню і нават знішчыць яе. „Сёння дзякуючы глыбокай веры і вялікай ахвярнасці мясцовых жыхароў, а таксама дапамозе Бога Усемагутнага мы можам ганарыцца гэтым святым месцам”, - дадаў пробашч.

subotniki8

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі адзначыў, што ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, якая прыпадала на гэты дзень, нагадвае, што як хрысціяне моцай ласкі хросту мы належым да Хрыста і Ён з’яўляецца нашым Валадаром.

„Валадарства Езуса не з гэтага свету і ні ў чым не абмяжоўвае нашай свабоды, не зачыняе перад намі шляху да шчасця”, – сказаў іерарх, дадаючы, што толькі Хрыстус як Валадар можа адарыць чалавека сапраўдным шчасцем, якое не праміне, а будзе трываць вечна.

Міласэрнасць – пакліканне кожнага хрысціяніна

Кажучы пра завяршэнне Юбілейнага Года Міласэрнасці, біскуп падкрэсліў, што Пан Бог найбольш выразна і поўна выяўляе сваю ўсемагутнасць у прабачэнні і міласэрнасці. „Кожнае слова Езуса, кожны Яго ўчынак і ўся Яго Асоба з’яўляюцца аб’яўленнем бязмежнай любові Бога да чалавека”, – дадаў гродзенскі ардынарый.

“Адказваючы на заклік Папы Францішка, мы засяроджваліся на ўчынках міласэрнасці адносна душы і адносна цела і стараліся іх выконваць, каб яшчэ лепш і вярней рэалізаваць наша хрысціянскае пакліканне, - сказаў біскуп. - Мы вучыліся “ўяўленню міласэрнасці”, да якога так горача заахвочваў нас Святы Айцец, бо нішто не робіць нашага сведчання веры такім відавочным і верагодным, як любоў, дабрыня і бескарыслівая дапамога, якую аказваем бліжнім. І хоць сёння Юбілей Міласэрнасці адыходзіць у гісторыю, мы ведаем, што час міласэрнасці працягваецца, бо ўся гісторыя чалавецтва праходзіць пад знакам Божай Міласэрнасці”.

Біскуп выказаў надзею, што духоўныя плёны Юбілею будуць шчодрымі і трывалымі, а таксама заахвоціў з верай ісці за Хрыстом. „Няхай нашы словы і ўчынкі будуць прасякнуты міласэрнасцю, каб у кожным, хто патрабуе дапамогі, мы бачылі нашага брата і сястру”, - дадаў іерарх.

Пасля Імшы біскуп сустрэўся з парафіяльным камітэтам, прастаўнікамі колаў Жывога Ружанца, францішканскага ордэну свецкіх, настаўнікамі, а таксама сем’ямі “Equipes Notre Dame”. Іерарх падзякаваў ім за тое, што трываюць пры Хрысце, за вялікі клопат, якім атачаюць святыню, і ўключанасць у справы Касцёла, якая паказвае, што яго далейшы лёс ім не абыякавы.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота Людмілы Пясецкай