19 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у межах кананічнай візітацыі Іўеўскага дэканата сустрэўся з вернікамі парафіі Св. Казіміра ў Ліпнішках. На малітве сабраліся шматлікія парафіяне, сярод якіх былі таксама дзеці і моладзь.
Іерарх узначаліў святую Імшу ў парафіяльным касцёле ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, якую заахвоціў верна працягваць традыцыі, распачатыя іх продкамі. “Трывайце моцна ў веры і кожны дзень давайце сапраўднае сведчанне сваёй прыналежнасці да Касцёла”, - сказаў Гродзенскі ардынарый. Таксама біскуп адзначыў патрэбу частага звароту да Маці Божай, якая заўсёды гатова прыйсці з дапамогай да сваіх дзяцей.
Іерарх выслухаў справаздачу пробашча парафіі а. Вітальда Жэльветры OFMCap, які прадставіў пералік усіх прац, якія ўдалося выканаць дзякуючы вялікай ахвярнасці парафіян у апошні час. Святар распавёў таксама пра духоўнае жыццё парафіі, адзначыўшы пры тым, што вернікі вельмі старанна захоўваюць традыцыйныя набажэнствы, якія з’яўляюцца багаццем Касцёла.
Айцец Вітальд Жэльветра асабліва падкрэсліў, што набажэнства Крыжовага шляху ў парафіі ў Ліпнішках праводзіцца кожную пятніцу на працягу ўсяго года, а супольная ружанцовая малітва адбываецца ў касцёле кожны дзень перад ранішняй і вячэрняй Імшой.
Кс. Юрый Марціновіч