17 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў кананічную візітацыю парафіі ў Дудах (Іўеўскі дэканат). Іерарх прыбыў у парафію на сустрэчу з вернікамі і, як сам адзначыў на пачатку візітацыі, хацеў бы “прыслухацца да іх малітваў і ўмацаваць іх у веры”.
Біскуп узначаліў святую Імшу ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, падчас якой заахвоціў вернікаў працягваць трываць пры Хрысце і будаваць сваё жыццё на фундаменце Божых запаведзяў. Іерарх прасіў таксама перадаваць хрысціянскія традыцыі і звычаі, каб такім чынам была захавана перадача веры.
Гродзенскі ардынарый падзякаваў мясцоваму душпастыру кс. Вячаславу Матукевічу і вернікам парафіі за вялікі клопат, якім яны атачаюць парафіяльную святыню, і за тое, што заўсёды бачаць патрэбы Касцёла.
У межах візітацыі біскуп благаславіў працаўнікоў дзвюх заправак, якія знаходзяцца на трасе Гродна-Мінск.
Іерарх наведаў таксама школу ў Лелюках, якая знаходзіцца на тэрыторыі парафіі, і сустрэўся з яе вучнямі і настаўнікамі. Звяртаючыся да дзяцей і моладзі, біскуп адзначыў важнасць таго, каб ставіць Пана Бога на першым месцы, і таго, каб Божыя справы былі прыярытэтам у жыцці.
Апошнім пунктам візітацыі была сустрэча з вернікамі ў капліцы св. Губерта ў Бакштах, дзе гродзенскі ардынарый узначаліў святую Імшу.
У сваю чаргу вернікі падзякавалі за пастырскі клопат свайму біскупу, які як наступнік апосталаў наведвае іх супольнасць, і прасілі аб удзяленні пастырскага благаслаўлення.
Кс. Юрый Марціновіч