12 лістапада дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў межах візітацыі Іўеўскага дэканата наведаў парафіяльную супольнасць у Лаздунах.
Іерарх сустрэўся з вернікамі, памаліўся разам з імі ў парафіяльным касцёле Святых Сымона і Юды Тадэвуша і ўзначаліў святую Імшу.
Пробашч парафіі кс. Андрэй Бурак, вітаючы шаноўнага госця, адзначыў, што прысутнасць наступніка апосталаў сярод вернікаў парафіі з’яўляецца вялікай падзеяй і часам ласкі. Таксама святар прасіў, каб біскуп узбагаціў вернікаў Божым Cловам і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.
Падчас візітацыі лаздунскай парафіі біскуп Юзаф Станеўскі пазнаёміўся з характарыстыкамі парафіі, яе рэлігійным жыццём, пацікавіўся ходам катэхізацыі ў ёй, іншымі формамі душпастырства i малітоўнымі супольнасцямі, якія існуюць на яе тэрыторыі.
Наведваючы парафію, іерарх меў магчымасць даведацца пра цяжкасці парафіяльнай супольнасці, душпастырскай працы, жыцця вернікаў.
Біскуп заклікаў парафіян працягваць верна і рупліва трываць пры Хрыстовым Касцёле, а таксама будаваць супольнасць міру і любові ў сваіх сем’ях.
Візітацыя біскупа ў дыяцэзіі з’яўляецца апостальскай дзейнасцю і паказвае, што біскуп – фундамент і знак еднасці дыяцэзіяльнага Касцёла. Гэта таксама нагода паглыбіць кантакты з душпастырамі, вернікамі і рознымі малітоўнымі і апостальскімі супольнасцямі, якія існуюць у парафіях.
Кс. Юрый Марціновіч