7 лістапада група вернікаў з Ліды ў колькасці 110 чалавек здзейсніла пілігрымку ў Вільню. Паломнікі накіраваліся туды, каб з нагоды блізкага заканчэння Юбілейнага Года Міласэрнасці наведаць месцы Божай міласці. Пілігрымку ўзначаліў душпастыр хворых і медыкаў г. Ліды кс. Юрый Бяганскі.
Вернікі пачалі падарожжа з наведвання дому святой с. Фаустыны. У гэтым кляштары манахіня пачала пісаць свой дзённік, перажываючы містычныя досведы, калі ў 1935 годзе Езус Хрыстус прадыктаваў ёй Вяночак да Божай Міласэрнасці.
На сённяшні момант у доме с. Фаустыны размясціўся "Цэнтр Пілігрыма", дзе можна ўбачыць рэліквіі святой і пакой, дзе некалі пражывала манахіня. Там захоўваюцца і рэліквіі кс. Міхала Сапоцькі - душпастыра с. Фаустыны.
Чарговым пунктам праграмы стаў удзел у св. Імшы каля алтара Маці Божай Вострабрамскай.
"Сёння Маці Божая паклікала нас да сябе, каб адарыць сваёй любоўю. (...) Прысутнасць Бога ў нашым жыцці заўсёды натхняе да дзеянняў. Бо калі Госпад прыходзіць да нас, ён выцягвае нас з нашых слабасцяў. Ён кожны дзень запрашае нас аднавіць сваю веру" , - адзначыў у гаміліі кс. Юрый Бяганскі. Пілігрымы даверылі Маці Божай Вострабрамскай усе свае асабістыя просьбы і памаліліся ў інтэнцыях Гродзенскай дыяцэзіі.
Затым паломнікі наведалі санктуарый Божай Міласэрнасці, дзе захоўваецца арыгінал абраза „Езуса Міласэрнага", і дзе вернікі мелі магчымасць адараваць Найсвяцейшы Сакрамант.
На заканчэнне паломніцтва ў віленскай катэдры адбылася малітва аб атрыманні поўнага адпусту.
(АМ)