Напярэдадні Дня задушнага, які паўсюдны Касцёл перажываў 2 лістапада, вернікі з Душпастырства чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі арганізавалі ўборку на найстарэйшым месцы пахаванняў у горадзе - фарных могілках.
"Клопат пра памерлага не павінен заканчвацца на пахаванні. Дагледжаныя могілкі, малітва ў інтэнцыі спачылых - гэта сведчанне нашай веры ў жыццё вечнае. А у знак падзякі за памяць, тыя, хто ўжо прабывае у Нябесным Валадарстве, будуць выпрошваць у Бога неабходныя для нас ласкі праз сваё заступніцтва", - адзначае адзін з удзельнікаў душпастырства.
Даведка:
Старыя каталіцкія могілкі ў Гродне (фарныя) былі заснаваныя ў 1792 г. Там спачываюць землеўладальнікі, афіцэры некалькіх еўрапейскіх армій, ўлады горада, настаўнікі, лекары, артысты, уладальнікі крамаў і вялікіх прадпрыемстваў — пакаленні жыхароў наднёманскага горада. Сярод надпісаў на надмагіллях можна спаткаць такія прозвішчы як Ажэшка, Нагорскі, Сака, Лістоўскі.
Гэтыя могілкі сталі месцам уплываў культур і рэалізацыі эстэтычных густаў шматнацыянальнага грамадства горада на працягу амаль двух стагоддзяў. Надмагільныя ансамблі, якія стваралі польскія, беларускія, габрэйскія і іншыя архітэктары і майстры, адлюстроўваюць мноства стыляў сакральнага мастацтва — ад класіцызму ХVІІІ стагоддзя да функцыянальных формаў паміжваеннага часу. Таксама захаваліся шматлікія эпітафіі на лаціне, нямецкай, расійскай, французскай, чэшскай, літоўскай мовах.
Фарныя могілкі з’яўляюцца найстарэйшым некропалем пасля Росаў у Вільні і Лычакоўскіх могілак у Львове на ўсходняй частцы былой Рэчы Паспалітай.
Генрых Качыньскі, (АМ)