Skip to main content

"Эўхарыстыя з'яўляецца крыніцай і вяршыняй хрысціянскага жыцця". Урачыстасць Божага Цела ў Гродне

img 460726 мая каталіцкі свет адзначыў вялікую ўрачыстасць - свята Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, падчас якога асаблівым чынам ушаноўваецца Хрыстос у Эўхарыстыі. У гэты дзень у гродзенскім катэдральным касцёле адбылася св. Імша, якую ўзначаліў папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі. Набажэнства афіцыйна завяршыла першы ў гісторыі Касцёла на Беларусі Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс.

На пачатку св. Імшы кардынал перадаў бп. А. Кашкевічу віншаванні ад Папы Францішка з нагоды юбілею біскупскай паслугі і словы падзякі за спрыянне росту сакрамантальнага жыцця вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі і ўручыў яму срэбны медаль. Бронзавых медалёў ад Папы Рымскага за заслугі перад Касцёлам удастоіліся таксама бп. Юзаф Станеўскі, ксёндз канонік Ян Кучынскі і ксёндз Раман Рачко.

У гаміліі папскі легат наблізіў вернікаў да сутнасці таямніцы Эўхарыстыі:

- У ёй споўнілася найбольшае жаданне Езуса - даць нам Самога Сябе.(...) Эўхарыстыя з'яўляецца крыніцай і вяршыняй хрысціянскага жыцця, і ўсё астатняе імкнецца да яе. Эўхарыстыя - гэта не падзея мінулага; Эўхарыстыя - гэта прысутны ў ёй і эфектыўна дзеючы Хрыстос.

Пасля св. Імшы вернікі публічна вызналі сваю веру - традыцыйна прайшлі працэсіяй вуліцамі горада да чатырох алтароў. Падчас урачыстага шэсця, з нагоды 25-гадовага юбілею Гродзенскай дыяцэзіі, асабліва ўзгадалі ў малітвах тых, хто спрыяў яе адраджэнню.

img 4686

Пасля заканчэння працэсіі на францішканскім узгорку біскуп Аляксандр падзякаваў духавенству, якое прыбыло з-за мяжы краіны і дыяцэзіі, і ўсім, хто дапамагаў у арганізацыі ўрачыстасці. Ардынарый таксама ад імя ўсіх вернікаў папрасіў кардынала Грахалеўскага перадаць Святому Айцу запрашэнне наведаць нашую дыяцэзію.

На завяршэнне кардынал удзяліў усім сабраным папскае благаслаўленне.

Падрыхтавала А. Марцішэўская

Фота: В. Сяліцкая