Skip to main content

Салезіанская сям’я ў Смаргоні адзначыла ўрачыстасць св. Яна Боско

Кожны год Салезіанская сям'я ва ўсім свеце адзначае ўрачыстасць святога Яна Боско, Смаргонь не стала выключэннем. 

 

Урачыстасць распачалася са св. Імшы, падчас якой, кс. Павел Шчарбіцкі SDB падкрэсліў, наколькі важнай для салезіянскай сям’і з’яўляецца еднасць і салезіанскі дух, якім палаў святы Ян Боско. "Калі вы мяне калі-небудзь любілі, працягвайце любіць...",- казаў святы. Менавіта аб гэтай нястомнай любові нагадаў святар.

Падчас гэтай св. Імшы салезіяне-супрацоўнікі аднавілі свае абяцанні, і выказалі сваё жаданне дапамагаць маладым душам прыходзіць да Бога.

Пасля св. Імшы ўсе прысутныя парафіяне былі запрошаны ў Араторый на працяг вечара, які праходзіў пад дэвізам: "Успаміны аб араторыях". Усіх гасцей сустрэў ксёндз Боско і сучасны хлопчык, які меў магчымасць трапіцьу часы святога. Героі ўспаміналі і дзяліліся, як і ў які спосаб жыве Араторый.

Пры дапамозе салезіян-супрацоўнікаў, аніматараў, кандыдатаў, памочнікаў, моладзі і Савіо-клуба, героі прадставілі гульні, тэатр і прыгожыя танцы. Нашыя героі вучылі гледачоў: што можна "рабіць ўсё, толькі не грашыць"; як важна "дзяліцца сваімі талентамі " і што "д'ябал баіцца радасных людзей"!

Затым абвясцілі вынікі спартыўнага турніру святога Яна Боско і конкурсу лепкі Bosco Art-Лепка. Пераможцы атрымалі падарункі. Нечаканым для ўсіх быў сюрпрыз - тэатральная сцэнка ксяндзоў і сясцёр. Сцэнка апавядала пра тое, што ў кожнага чалавека сваё жыццё, якое ён атрымаў у дар, і што ад кожнага асабіста залежыць, як ён размалюе сваю дарогу жыцця.

Пасля кс. Алег Жураўскі SDB благаславіў усіх прысутных.

Ксёндз Боска з'яўляецца адным з тых святых, якія назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю Касцёла і свету. Ён стаў вядомым, як бліскучы педагог, "айцец і настаўнік" моладзі, пісьменнік і журналіст, заснавальнік некалькіх законных супольнасцяў. Ён з’яўляецца стваральнікам стылю выхавання, які называецца папераджальная або прэвентыўная сістэма.

Паводле www.sdb.by