Skip to main content

Пане, учыні, каб мы былі адно. У Гродзенскай катэдры адбылося экуменічнае набажэнства

  12У Касцёле трывае Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян усяго свету. З гэтай нагоды ўвечары 23 студзеня ў гродзенскім катэдральным касцёле адбылася экуменічная сустрэча, у якой прынялі ўдзел святары розных хрысціянскіх канфесій. Узначаліў набажэнства Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч. На спатканні таксама прысутнічаў дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі.

У гэты вечар на супольную малітву у катэдру прыбылі айцец Аляксандр Хомбак, прадстаўнік Праваслаўный Царквы, а. Андрэй Крот, прадстаўнік Грэка-Каталіцкай Царквы, і дыякан Лютэранскай Царквы Юрый Лабоцкі.

  12

Падчас сустрэчы кожны са святароў звярнуўся да прысутных з невялікай прамовай. А. Аляксандр адзначыў, што галоўнай справай хрысціяніна з'яўляецца абвяшчэнне радасці, чаго часта не разумеюць самі вернікі і адмаўляюць ворагі хрысціянтсва. Менавіта радасць, а не доказы, са слоў святара, галоўным чынам ажыўляюць веру. А. Андрэй у сваю чаргу падкрэсліў, што кожная канфесія мае ў сваіх традыцыях тую непаўторную прыгажосць, якая дапамаге данесці да людзей святло веры, а дыякан Юрый і кс. бп. Юзаф Станеўскі былі сугучныя  ў прамовах, кажучы, што хрысціяне павінны быць адзіным голасам у пытаннях маралі.

Пасля прамоваў адбыўся абрад святла і вызнання Апостальскага Сімвалу Веры - галоўны момант экуменічнага набажэнства. Прадстаўнікі канфесій атрымалі з рук ардынарыя запаленыя ад пасхалу свечкі і пад гучанне калядных песен пераказалі гэтае святло іншым удзельнікам сустрэчы.

  17

Затым распачаўся абрад пераказвання сімвалу супакою.

  14

На заканчэнне кс. бп. Аляксандр удзяліў пастырскае благаслаўленне і заахвоціў вернікаў пераўтварыць Тыдзень экуменічных малітваў у штодзённыя просьбы аб еднасці хрысціян.

  6

Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская 

Фота : Вольга Сяліцкая