7 студзеня адбылася чарговая сустрэча святароў Шчучынскага дэканату ў кляштары айцоў-піяраў у Шчучыне, якая ўжо стала традыцыяй. Гэтыя сустрэчы маюць на мэце абмеркаванне мерапрыемстваў, якія будуць адбывацца ў парафіях дэканату і паглыбленне сяброўскіх адносін паміж святарамі.
Галоўным пунктам сустрэчы стала супольная малітва, пасля якой кс. Алег Петрашка прамовіў канферэнцыю на тэму: "Маё пакліканне і пакліканне св. Пятра". Падчас канферэнцыі кс. Алег адзначыў, што у святарскім жыццці ксяндзы могуць быць падобныя да св. Пятра, які часам не столькі ідзе за Езусам, колькі хоча "цягнуць" Хрыста за сабой, даючы Яму заданні, якія Ён павінен выканаць у яго жыцці. Інакш кажучы - ён шукае "свайго" Езуса.
Акрамя малітоўнай часткі сустрэчы, святары мелі магчымасць пры каве і гарбаце паразмаўляць на тэмы, якія іх цікавяць.
Падрыхтаваў а. Віталій Слука SP