З 22 па 29 лістапада ў парафіі Унебаўзяцця НМП (Ліда-Індустрыяльны) праходзілі Святыя Місіі, якія правялі айцы-рэдэмптарысты: а. Андрэй Ядкоўскі з Вялікай Бераставіцы і а. Валерый Мазюк з Гродна (Дзевятоўка). Варта ўзгадаць, што 3 верасня бягучага года парафія адзначыла сваё 15-годдзе, і гэта першыя Святыя Місіі ў гісторыі парафіі.
Кожны дзень Місій вылучаўся сваёй тэматыкай і набажэнствамі. Багатая і насычаная праграма ахапіла ўсе пласты і ўзроставыя групы вернікаў: малых дзяцей і дзяцей школьнага ўзросту, моладзь і бацькоў, старых і хворых людзей. Вернікі і госці парафіі мелі магчымасць спыніцца, азірнуцца на пражытыя гады, пераасэнсаваць сваё жыццё, аднавіць сваю веру, паяднацца з Богам і бліжнімі.
У першы дзень пробашч парафіі кс. Андрэй Агель падчас Св. Імшы ўручыў айцам-місіянерам стулы – знак святарскага служэння, і перадаў ключы ад касцёла на знак таго, што яны на працягу васьмі дзён будуць гаспадарамі парафіі. У гэты ж дзень вернікі пачулі нестандартнае пытанне: якому Богу вы моліцеся? Але праз місійную навуку знайшлі адказ: Бог, якому кожны павінен маліцца, - гэта Любоў, Добрыня і Міласэрнасць.
Другі дзень быў прысвечаны нашаму Збаўленню ў Езусе Хрысце. Пасля праслуханых навук і разважанняў кожны меў магчымасць запрасіць Божага Сына, як Месію і Збаўцу, у сваё жыццё, у сваё сэрца, у сваю сям’ю, каб далей жыць ужо з Богам, у Богу і для Бога.
Асаблівым чынам адзначыўся трэці дзень Святых Місій. Падчас пакутнага набажэнства можна было папрасіць прабачэння не толькі ў Бога, але і у блізкіх, родных, суседзяў, выпадковых сустрэчных. Першым гэта зрабіў пробашч парафіі кс. Андрэй Агель. Святар папрасіў прабачэння ў кожнага парафіяніна, пасля ішоў праз касцёл і паціскаў сотні рук.
На працягу трох дзён вернікі разам з місіянерамі рыхтаваліся да св. споведзі: вучыліся бачыць і вызнаваць свой уласны грэх. Не апраўдвацца, не перакладаць адказнасць за свае ўчынкі на іншага чалавека, або абставіны, а цалкам асэнсоўваць сваю ўласную віну і шчыра шкадаваць.
Чацвёрты дзень Святых Місій адзначыўся Крыжовым шляхам. Вялікі крыж, зроблены вернікамі напярэдадні, трымалі па чарзе: міністранты, бацькі, моладзь, сужанствы… На наступны дзень прайшла адарацыя гэтага крыжа.
Пятніца на Святых Місіях была прысвечана сям’і. Муж і жонка ў прысутнасці сваіх дзяцей аднаўлялі сужанскую клятву, давалі яшчэ раз перад Богам абяцанне быць вернымі адзін аднаму, жыць у згодзе, не пакідаць у цяжкую хвіліну жыцця.
Амаль кожны дзень Місій заканчваўся Марыйным заклікам, а ў суботу вечарам прайшло ўрачыстае прысвячэнне парафіі Маці Божай. Яе, Заступніцу і Апякунку, прасілі ўзяць пад сваю Матчыну апеку Касцёл і парафію, святароў і кожнага верніка. Марыі было прысвечана і місійнае казанне. Што трэба рабіць, каб быць сапраўдным сынам/дачкой Марыі? Трэба дазволіць Богу пісаць гісторыю свайго жыцця, як дазволіла зрабіць гэта Марыя.
Перадапошні дзень быў даволі насычаны. Не засталіся без увагі хворыя і сталыя людзі, цяжарныя жанчыны і самыя маленькія парафіяне. Кожным з іх быў выдзелены свой час на Святых Місіях, і ўсе змаглі атрымать Божае благаслаўленне.
У апошні дзень Святых Місій перад касцёлам быў устаноўлены вялікі Місійны крыж з памятнай табліцай – сімвал ахвярнай Любові і відавочны знак, які пастаянна будзе нагадваць пра гэтую падзею ў гісторыі парафіі.
На заканчэнне ксёндз-пробашч Андрэй Агель і вернікі шчыра падзякавалі айцам-рэдэмптарыстам за праведзеныя Святыя Місіі. Місіянеры ж вярнулі ксяндзу-пробашчу ключ ад святыні і стулы, як знак завяршэння іх служэння.
Падрыхтавала Габіс М., парафіянка