24 кастрычніка 2015 года араторый імя блл. мучанікаў з Познані ў г. Дзятлава адзначыў свой першы дзень нараджэння. У святкаванні прынялі ўдзел: дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, рэгіянальны настаяцель Рэлігійнай Каталіцкай Місіі “Таварыства св. Фрацішка Сальскага” кс. Віктар Гайдукевіч SDB, салезіяне, сёстры-салезіянкі, святары, а таксама прадстаўнікі араторыяў са Смаргоні, Бараўлян, Мінска. Распачалася ўрачыстасць Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў кс. бп. Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваёй прамове да ўсіх прысутных Біскуп Аляксандр Яшэўскі звярнуў увагу на стварэнне такога асяроддзя для дзяцей і моладзі, якое дазволіла б выхаваць сапраўдных хрысціянаў і сумленных грамадзянаў нашай краіны.
Менавіта такім асяроддзем з’яўляецца араторый. Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падкрэсліў: “Салезіянскі араторый –гэта гасцінны ДОМ, у якім ты заўсёды знойдзеш сям’ю; гэта ПАРАФІЯ, у якой табе дапамогуць сустрэць Хрыста; гэта ШКОЛА, якая рыхтуе да жыцця; і ўрэшце, гэта ПЛЯЦОЎКА, дзе сябры могуць сустракацца і весела праводзіць час”. Таксама біскуп зазначыў, што велізарную ролю ў духоўным выхаванні дзяцей адыгрывае сям’я (мама, тата, бабуля, дзядуля). Менавіта ад таго, наколькі бацькі будуць удзельнічаць у выхаванні дзяцей, залежыць наша будучыня.
Пасля святой Імшы ўсіх прысутных запрасілі ў араторый на святочную праграму пад дэвізам: “Мы – адна сям’я!”. Прысутным былі прапанаваны гульні, конкурсы і спевы. Актыўнымі ўдзельнікамі праграмы з’яўляліся не толькі дзеці і моладзь, але таксама і нашыя шаноўныя святары. Яшчэ адну старонку гісторыі існавання нашага араторыя адкрыла “Гасцявая кніга араторыя”, у якой усе жадаючыя змаглі пакінуць свае пачуцці і ўражанні.
На завяршэнне кс. бп. Аляксандр Яшэўскі SDB звярнуўся са словам да ўдзельнікаў урачыстасці і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне. Далей усіх чакаў салодкі стол, сяброўскія гутаркі і бансы.
Паводле www.sdb.by