У мінулую суботу,
25 верасня, Эўхарыстычны Рух Маладых святкаваў свой першы маленькі юбілей - 5 год з дня заснавання першай супольнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі. А адзначалі мы гэтае свята ў гасцях у нашай Нябеснай Матулі - у Тракелях. Разам з намі цешылася неба, атуляючы нас не па-восеньскі цёплымі прамянямі. Запрошаны былі ўсе, хто прыналежыць да руху альбо ім цікавіцца. Прыехалі супольнасці з Дзятлава, Смаргоні, Геранёнаў, Суботнікаў, Росі, Ваверкі, Іўя, Бярозаўкі, Мінойтаў, Бераставіцы. Усяго ў спатканні прыняло ўдзел каля 250 асобаў.
Спачатку нас прывітаў ксёндз – кусташ Санктурыя Павел Галіньскі, пазней некалькі слоў скіраваў да нас ксёндз – мадэратар Анджэй Стапыра. Пад усеагульную радасць найстарэйшы член ЭРМ кс. Здзіслаў Вэдэр пагасіў на торце пяць запаленых свечак. Пазней менавіта ён падзяліўся з намі сваім вопытам сяброўства з Езусам у шэрай штодзённасці, дзе кожны з нас мае абавязак быць сапраўдным трынаццатым апосталам, жывучы Эўхарыстыяй, слухаючы Слова Божае і любячы бліжняга. Запаленыя энтузіязмам будавання бліжэйшых адносін з Панам, мы пайшлі на вуліцу, каб разам паспяваць і падзяліцца навінамі кожнай супольнасці. Дзякуючы прэзентацыі, мы прыгадалі сабе, што апрача Польшчы і Беларусі, нашыя супольнасці існуюць па ўсім свеце: напрыклад, у Італіі, Чылі, Эфіёпіі, Егіпце, Мексіцы і г.д. Усіх нас каля 3 млн маладых людзей, і нягледзячы на тое, што мы адрозніваемся колерам скуры, культурай, мовамі, на якіх размаўляем, аднак праз сваю любоў да Езуса ў Эўхарыстыі мы ствараем адну вялікую сям'ю ЭРМ. Бачучы вялікія справы Пана, мы дзякавалі Яму за ўсе атрыманыя ласкі падчас адарацыі Насвяцейшага Сакраманту. Кожны меў магчымасць скарыстаць з паслугі святара ў Сакраманце Споведзі. Цэнтральным момантам нашага святкавання была Эўхарыстыя, галоўным цэлебрантам якой быў ксёндз – мадэратар Анджэй Стапыра. Умацаваўшы сваю душу, мы пайшлі ўмацоўваць сваё цела. Пасля смачнага абеду пачаліся танцы. Танцавалі ўсе: і малыя, і вялікія. Дзень праляцеў вельмі хутка. Трэба было развітвацца. Перад выездам мы зноў сабраліся каля Нашай Матулі. Ксёндз-мадэратар скіраваў да нас апошняе слова, удзяліў нам благаслаўлення і ўрачыста перадаў рэліквіі св. Уршулі Ледухоўскай (заснавальніцы ЭРМ у Польшчы) супольнасці з Бярозаўкі, дзе пачнецца пілігрынацыя рэліквій па сем'ях членаў руху. Раз'язджаліся мы са слязьмі на вачах, але поўныя духоўнай моцы і надзеі на хуткае спатканне. Валадар нам Хрыстос – заўсёды і ўсюды!