VІІ Велікодная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч
У Евангеллі паводле святога Яна Езус Хрыстус кажа вельмі важныя словы аб адзінстве Касцёла: “каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас”. У гэтых словах мы бачым той ідэал, да якога павінны імкнуцца хрысціяне. Мы перажываем страшны час падзелаў, калі хрысціянскі свет раздзіраецца рознымі вучэннямі, якія супярэчаць адзін аднаму. І таму запаведзь аб адзінстве (экуменізме) з'яўляецца адной з самых важных.
У час зараджэння хрысціянства адзінства пачыналася з малога. Невялікая колькасць людзей, якія ад усяго свайго сэрца хацелі жыць для Езуса, павінны былі вучыцца маліцца адзін за аднаго, любіць іншых, дараваць і быць цярплівымі адно да аднаго. Ім прыйшлося навучыцца не прытрымлівацца свайго уласнага пункту гледжання і ведаў, але ўсім разам шукаць святло і мудрасць ад Бога.
Хацеў бы падзяліцца з Вамі адной гісторыяй, якая непасрэдна адносіцца да сённяшняга фрагмента Евангелля.
Аднойчы антраполаг прапанаваў дзецям з афрыканскага племені пагуляць у адну гульню. Ён паставіў каля дрэва кошык з садавіной і абвясціў, звярнуўшыся да дзяцей: “Той з вас, хто першым дабяжыць да дрэва, атрымае ўсё”. Калі ён зрабіў знак дзецям пачаць забег, яны моцна счапіліся рукамі і пабеглі ўсе разам, а потым усе разам сядзелі і атрымлівалі асалоду ад смачнай садавіны.
Здзіўлены антраполаг спытаў у дзяцей, чаму яны пабеглі ўсе разам, бо кожны з іх мог забраць усё толькі для сябе. На што дзеці адказалі: “Obanato” (што прыкладна гучыць як убунту ці абаната).
Хіба магчыма, каб адзін быў шчаслівы, калі ўсе астатнія сумныя?
“Абаната” на іх мове азначае: “Я існую, таму што мы існуём”. Кожны з нас, незалежна ад таго дзе знаходзіцца, можа сказаць падобнае - я існую, таму што мы існуём. Давайце ж цвёрда будзем трымацца запаведзі Езуса, якую Ён пакінуў першым вучням. Веру ў тое, што сапраўднае адзінства магчыма сярод вучняў і ў наш час. Толькі трэба гэтага моцна захацець.