Skip to main content

VІ Велікодная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

VІ Велікодная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Езус сказаў сваім вучням: Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго. Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, але Айца, які паслаў Мяне…

А як жа гэта учыніць канкрэтна? Як захаваць Слова і жыць паводле яго?

Прапаную Вашай увазе некалькі пунктаў, спосабаў, дзякуючы якім мы выкажам сваю любоў да Бога і бліжніх.

• Вывучыць імёны тых асобаў, з якімі вучымся, працуем, суседзяў і гаварыць да іх, звяртаючыся па імя.

• Старацца зразумець іншага чалавека і ўмець спакойна выслухаць.

• Добра думаць аб іншых.

• Рабіць дабро, асабліва тым, хто гэтага не заслугоўвае.

• Усміхацца. Заўсёды ўсміхацца.

• Вітацца з людзьмі, нават з тымі, каго добра не ведаем.

• Наведваць хворых, асабліва невылечна.

• Пазычаць людзям.

• Умець зрабіць нешта прыемнае таму, хто не спадзяецца.

• Забыць пра крыўды.

• Не помсціць.

• Цярпліва зносіць нудных людзей.

• Не пазбягаць людзей антыпатычных.

• Размаўляць з глухімі без нерваў.

• Адказваць на ўсе тэлефоны і лісты.

• Гуляць з дзецьмі. Не шкадаваць прысвечанага ім часу.

• Дадаваць надзеі людзям старэйшым. Умець цаніць іх дабро.

• Памятаць пра дату імянін і дні нараджэння блізкіх і сяброў.

• Даваць маленькія падарункі, не спадзеючыся на ўдзячнасць.

• Прыходзіць пунктуальна на сустрэчы, хоць бы часам нам прыйшлося чакаць.

• Паўтараць людзям тое добрае, што аб іх пачулі.

• Прыносіць добры гумар і настрой.

• Не спрачацца з нікім, не гневацца.

• У дыскусіях лагодна, цярпліва прадставіць свае меркаванні.

• Ніколі не крычаць, не павышаць голасу.

• Гаварыць праўду так, каб не было балюча і непрыемна.

Здаецца, гэта дробязі… Звычайныя рэчы, але дзякуючы мільёну такіх дробязяў мы можам змяніць сябе і іншых.