Skip to main content

Клаўдыё Гуджэроцці: беларускія святары шчаслівыя, што вакол шмат веруючых людзей

На ўрачыстасці з нагоды 160-годдзя касцёла Унебаўзяцця НПМ у Жалудку прысутнічаў шаноўны госць Апостальскі нунцый кс. абп Клаўдыа Гуджэроці. Нашая рэдакцыя мела магчымасць задаць Яго Эксцэленцыі некалькі пытанняў. Прапануем невялікае інтэрв’ю з ксяндзом арцыбіскупам.

Касцёл для мяне – гэта…

Гэта брама нябеснага Ерузаліма.

160 год касцёлу ў Жалудку – гэта многа ці мала?

У Бога няма часу. У Бога ўсё, што было, як адзін дзень, які мінуў. А для нас час існуе, і таму гэтая дата – 160 год – гэта вялікі кавалак часу, які мае вялікае значэнне.

Дайце ацэнку жывому Касцёлу ў Беларусі. Як вернікі ўдзельнічаюць у жыцці Касцёла?

У Вашым пытанні ўжо ёсць адказ: гэты жывы Касцёл, і гэта вельмі важна. Бо бачыць жывое цела – гэта прыгожа. 20 дзён таму я бачыў мёртвае цела маёй маці. І хачу вам сказаць, што розніца паміж жыццём і смерцю вялікая, нават для вачэй. Што датычыцца актыўнага ўдзелу вернікаў у жыцці Касцёла, то перад намі яшчэ вялікая дарога. І ў гэтым перадусім павінны быць перакананыя святары.

Вы наведваеце шмат парафій. Ці дастаткова сёння ў Беларусі касцёлаў?

Здаецца, што касцёлаў яшчэ недастаткова, але трэба акрэсліць, што гэта азначае і хто гэта вырашае, колькі касцёлаў дастаткова. Гэта людзі, якія ствараюць свой касцёл. Гэта не інстытуцыя, якая зверху спускае нейкія лічбы. Але мае ўражанні такія, што вернікі патрабуюць шмат касцёлаў.

Ваша Эксцэленцыя, мы бачым плод працы кс. Яна: на гэтай ўрачыстасці вялікая колькасць парафіянаў. Ці можаце распавесці пра Ваш досьвед душпастарства: як Вы ўзгадваеце гэты час і што Вам найбольш запомнілася?

Я не хацеў бы Вас расчараваць, але я належу да кангрэгацыі, якая не мела парафіі і якая займалася перадусім беднымі студэнтамі. Удзел у пастаральным жыцці для мяне быў толькі ў нядзелю, калі я прыводзіў студэнтаў, якімі займаўся, на св. Імшу ў парафільяны касцёл, каб і яны ўдзельнічалі ў парафіяльным жыцці Касцёла. І галоўным аспектам нашай працы было перадусім слухаць маладых людзей, т.ч, каб яны самі змаглі пачуць у сабе голас Хрыста. Нашым прыярытэтам было больш слухаць, чым вучыць.

Вы сказалі пра моладзь, з якой Вы працавалі. Моладзь зараз троху інакшая. Што варта ўлічваць у працы з моладдзю пры вядзенні сучаснага парафіяльнага душпастарства? На што найперш трэба звяртаць увагу, каб больш эфектыўна абвяшчаць Евангелле сярод моладзі?

Каб неяк аднавіць пастаральны клопат, перадусім трэба ведаць, да каго мы звяртаемся. І т.ч., пачнём з таго, што маладыя святары павінны правесці штодзённа 3 гадзіны з маладымі людзьмі, і пасля аднаго года мы можам дыскутаваць, як мы можам рэфармаваць душпастарскі падыход.

Да чаго б Вы хацелі заклікаць душпастараў, якія працуюць у Беларусі?

Я хацеў бы ім сказаць, што яны вельмі шчаслівыя, бо працуюць у асяроддзі, дзе яшчэ можна сустрэць жывую веру, дзе няма патрэбы штосьці выдумляць, каб прыцягнуць увагу людзей. І каб душпастары зразумелі сваю адказнасць за тое, каб падтрымаць тую веру, якая ўжо або яшчэ ёсць у людзей. І каб гэтыя душпастары адчувалі сябе шчаслівымі, таму што навокал ёсць людзі, якія вераць.

Вашыя пажаданні вернікам Жалудоўскай парафіі з нагоды 160-годдзя касцёла.

Жадаю перадусім, каб парафія была такая прыгожая, цёплая і прымала гасцей так зычліва, як яна гэта робіць сёння. І каб з часам гэты касцёл таксама задумаўся над прычынамі жыцця, якое ў гэтым касцёле ёсць. Т.ч., каб традыцыя стала свядомасцю гэтых людзей.

Дзякуй за размову!

Кс. Павел Салабуда і кс. Юры Жэгарын

Вытрымкі з гаміліі і вітальнага слова кс. аб-па Клаўдыё Гуджэроцці на ўрачыстасці ў Жалудку:

“Гэты касцёл прыгожы, такі вялікі, такі багаты. Але яшчэ больш прыгожымі з’яўляецеся вы. Сапраўдны Касцёл – гэта вы. Гэта вы жывыя камяні, у якіх запісана гісторыя гэтай святыні. Перадусім старэйшае пакаленне, якое бачыла ўсё.”

“Для мяне гэта [прысутнасць на юбілеі праваслаўных святароў] не толькі знак вашага сяброўства ці братэрства, але і штосьці большае. Гэта знак таго, што гэты 160-гадовы юбілей, які святкуе касцёл у Жалудку, з’яўляецца святам для ўсіх хрысціянаў. Бо тое, што памяншаецца колькасць католікаў, не азначае, што павялічваецца колькасць іншых хрысціянаў, і наадварот: калі памяншаецца колькасць іншых хрысціняаў, не павялічваецца колькасць католікаў. І т.ч, памяшаецца колькасць вернікаў. Гэта Хрыстовая Царква. І там, дзе Царква ўзрастае, там узрастае Хрыстос. І мы гатовыя прыйсці да вас, каб святкаваць разам з вамі юбілей вашай Царквы. Таму што гэта свята ў той самай сям’і Хрыста.”