Skip to main content

IV Велікодная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

IV Велікодная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Няма больш любімага вобраза Езуса, чым вобраз добрага Пастыра. Вобраз Пастыра ўплецены ў мову і вобразы Бібліі. Інакш і не можа быць, бо у горных раёнах Юдэі, больш прыдатных да жывёлагадоўлі, чым земляробства, вобраз пастуха быў звычайным і знаёмым.

Жыццё пастухоў была выключна цяжкім. Праца пастуха была не толькі бесперапыннай, але і небяспечнай, таму што, акрамя ўсяго, яму даводзілася ахоўваць авечак ад дзікіх звяроў, гэтак жа як і ад злодзеяў і бандытаў, якія заўсёды гатовыя былі скрасці авечку.

Пастаянная пільнасць, бясстрашная мужнасць, цярплівая любоў да статка – вось неабходныя рысы характару пастуха. Пастыр стаў сімвалам клапатлівасці, і нездарма Хрыстус узяў менавіта яго ў прыклад самаахвярнасці.

Езус сёння у гэтым кароткім фрагменце Евангелля паабяцаў нам тры рэчы:

1. Ён паабяцаў нам вечнае жыццё, калі мы прымем Яго, як Настаўніка і Пана, калі станем членамі аднаго статка, уся дробязнасць жыцця знікне і мы спазнаем усю прыгажосць і хараство жыцця ў Богу.

2. Ён паабяцаў нам жыццё, якому не будзе канца. Смерць не будзе канцом нашага жыцця, але пачаткам. Мы спазнаем славу вечнага жыцця.

3. Ён паабяцаў нам бяспечнае жыццё. “Ніхто не вырве іх з рукі Маёй”. Гэта не значыць, што ў жыцці не будзе смутку, пакут і смерці, але гэта значыць, што ў самы цяжкі час, у самы цёмны час, мы будзем адчуваць магутныя рукі Айца.

Няхай свядомасць таго, што мы прыналежым да статка Хрыста, дапаможа нам верна ісці за Iм.