Skip to main content

Кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў вернікаў абараняць жыццё ненероджаных дзяцей праз малітву

У панядзелак 8 красавіка, кс. біскупам Аляксандрам Кашкевічам ў гродзенскім пабрыгідскім рэктаральным касцёле цэлебравалася адпустовая св. Імша з нагоды ўрачыстасці Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі.

Эўхарыстычная ахвяра распачалася а 12 гадзіне, на якую сабраліся шматлікія вернікі з усяго Гродна і святары: канцлер курыі кс. прэлат Антоній Ханька, віцэканцлер курыі і рэктар пабрыгідскага касцёла кс. Антоній Грэмза, выкладчык Гродзенскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі кс. прэлат Ежы Левінскі, дырэктар гродзенскага "Карытас" кс. Віталій Дабраловіч, кс. кан. Раман Катлімоўскі, кс. Тадэуш Крыштопік і а. Юзэф Макарчык.

На пачатку св. Імшы сваё прывітальнае слова да прысутных скіраваў рэктар святыні, нагадаўшы пра адну з найвялікшых таямніц хрысціянскай веры, якой з'яўляецца Звеставанне Панне Марыі волі Бога, перад якой мы глыбока схіляемся.

У сваім казанні, скіраваным да вернікаў кс. Віталій Дабраловіч наблізіў адну з таямніц Божага адкуплення, прыгадаўшы словы св. апостала Паўла да Цімафея, дзе ён называе гэта вялікай таямніцай любові калі "Бог аб'явіўся ў целе" (1 Цім 3,16). Уважліва прыглядзімся, сказаў кс. Віталій, на Марыю, звычайную жанчыну выхаваную ў глабокарэлігійнай сям'і, якая сумленна выконвала свае штодзённыя абавязкі. Прапаведнік засяродзіў сваю ўвагу перадусім на моманце Звеставання Божай волі праз Анёла, якую Марыя дзякуючы глыбокай веры прыняла з вялікай пакорай, аб чым таксама нагадаў Бэнэдыкт XVI у сваім дакуменце "Porta Fidei" на распачацце Года Веры: "Праз веру Марыя прыняла словы анёла і паверыла ў Звеставанне, што стане Багародзіцай праз сваю пакорную адданасць". Менавіта сіла веры аказала кардынальны ўплыў на тое, што адбылося ў Назарэце, падсумаваў святар, заахвоціўшы вернікаў браць прыклад з Божай Маці, якая з'яўляецца прыкладам рэалізацыі Божых планаў у асабістым жыцці.

На заканчэнне набажэнства кс. біскуп сваё слова падзякі скіраваў да законных сясцёр, якія сёння прыбылі на дзень засяроджання, каб паводле ўзору Найсвяцейшай Маці прыкладам свайго жыцця сведчылі аб Хрысце. Усіх прысутных Яго Эксцэленцыя заахвоціў да таго, каб узяць абавязак духоўнай адопцыі ненароджаных дзяцей праз штодзённую малітву, падкрэсліваючы святасць і нетыкальнасць чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.

Паводле словаў кс. рэктара пабрыгідскага касцёла, на духоўную адопцыю ненароджаных дзяцей запісалася каля 100 чалавек.