Skip to main content

ІІ Велікодная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

ІІ Велікодная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

Я хацеў бы, каб Міласэрнасць разлілася на ўвесь свет праз тваё сэрца. Няхай кожны, хто прыблізіцца да цябе, не адыдзе без спадзявання ў Маю Міласэрнасць, якой я вельмі хачу для душы.” (Дзённік св. Фаустыны)

Сёння мы перажываем нядзелю Божай Міласэрнасці, словы, пададзеныя на пачатку нашага разважання, адлюстроўваюць клопат Езуса пра збаўленне нашай душы, а як наш адказ на атрыманую ласку – сведчанне і дапамога знайсці Уваскрэслага Езуса іншым людзям.

Езус прыходзіць да кожнага з нас, няспынна кажучы: “Супакой вам!”, - таксама як і сваіх напалоханых вучняў узмацняе ў веры, даючы, як Тамашу, дакрануцца да Сябе праз Святыя Сакраманты, каб мы не былі няверуючымі, але веруючымі.

Пасля ўзмацнення веры апосталы не баяліся сведчыць аб ёй, нягледзячы на пераследы, незразуменне, высмейванне, а нават мучаніцкую смерць, і за гэта Бог узнагародзіў іх багатымі парасткамі веруючых на сваёй ніве. Неад'емнай часткай і мерай міласэрнасці з'яўляецца любоў, яна як яе другое імя, а таксама сапраўдны спосаб рэалізацыі міласэрнасці ў супрацьстаянні злу ў цяперашнім свеце, якое кранае чалавека, ахінае яго і ўваходзіць ў сэрца. Адказ на Міласэрнасць Бога - гэта схіленне над слабасцямі іншых у чысціні свайго сэрца – з любоўю да людзей, якія да нас былі нядобрымі і няўдзячнымі. Мы мусім, як піша ў Твітары папа Францішак: “Сцерагчы Хрыста ў нашым жыцці і клапаціцца адзін пра аднаго, з любоўю захоўваць справу стварэння. Бог любіць нас. Дык не будзем жа баяцца любіць Яго. Вера сведчыць вуснамі і сэрцам, словам і любоўю”.

Міласэрнасць, аказаная іншаму чалавеку – гэта не ласка, а наш абавязак, бо кожны няспынна карыстаецца з міласэрнасці, якую аказвае чалавеку Бог. Таксама аб абавязку нагадвае нам Бог у найважнейшым наказе любові і ў благаслаўленні: “Благаслаўлёныя міласэрныя, бо яны атрымаюць міласэрнасць” (Мц 5, 7). Каб гэта зразумець, мусіць у кожным з нас памяншацца эгаізм і ўсё, што звязана са старым чалавекам – чалавекам граху. Трэба, каб у нас валадарыла міласэрнае сэрца.

Езу, давяраю Табе!!!