Skip to main content

У Гродзенскай семінарыі адбыліся рэкалекцыі для юнакоў

З 4 па 6 студзеня 2013 года ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі адбыліся рэкалекцыі, мэтай якіх было дапамагчы юнакам распазнаць сваё жыццёвае пакліканне. У духоўных практыкаваннях па словах кс. прэлата Юзэфа Станеўскага, рэктара гэтай навучальнай установы, прыняло ўдзел 27 чалавек з некаторых гродзенскіх парафій, а таксама з Ліды, Суботнік, Шчучына, Воранава, Ваўкавыска.

Каардынатарамі сустрэч былі духоўныя кіраўнікі дыяцэзіяльнай семінарыі: кс. Валерый Быкоўскі і кс. Тадэвуш Крыштопік, а дапамагалі дыякан Павел Эйсмант, семінарысты Эрнэст Мікалайчук і Уладыслаў Чэхуноў.

Першы дзень быў для гасцей знаёствам паміж сабой і пазнаваннем духоўнай навучальнай установы. Кожны меў магчымасць распавесці штосьці пра сябе і пазнаёміцца са сваімі калегамі з розных куткоў нашай дыяцэзіі. Пазней кс. Тадэвуш Крыштопік правёў ўступную канферэнцыю (асноўнай ідэяй канферэнцый на працягу трох дзён была вера на падставе прыкладу св. Юзэфа, апекуна Езуса Хрыста) і адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту.

Субота была вельмі насычана духоўна-аскетычнымі мерапрыемствамі. У гэты дзень былі праведзены тэматычныя канферэнцыі, дыскусіі, прагляд рэлігійнага фільма “Езус з Назарэту”, наведванне гродзенскіх касцёлаў, малітвы (Ружанец і Вяночак да Божай міласэрнасці), споведзь, св. Імша і адарацыя.

Рэкалекцыі завершыла нядзельная св. Імша пад кіраўніцтвам кс. прэл. Юзэфа Станеўскага, рэктара семінарыі, які нагадаў моладзі, навязваючы да ўрачыстастасці Аб’яўлення Пана, што жыццё веруючага чалавека падобна да шляху, якім мы крочым разам з Мудрацамі, каб убачыць нашага Збаўцу. Для кожнага хрысціяніна вельмі важна не знеахвоціцца тым, што мы можам сустрэць і убачыць на гэтым шляху, і самае галоўнае - умець пазнаць Езуса Хрыста ў самым нечаканым для нас месцы, як калісьці гэта зрабілі Мудрацы з Усходу, якія сустрэлі Яго ў стайні для жывёлы.

Наступныя рэкалекцыі для юнакоў адбудуцца ў Гродзенскай ВДС 22-24 сакавіка 2013 года

Больш інфармацыі можна атрымаць па тэлефоне +375293332388; +375336238931 (кс. Ян) або на вэб старонцы духоўнай семінарыі