Skip to main content

Гродзенская моладзь падзялілася сведчаннем веры са сваімі калегамі з Еўрапейскіх краін

З 28 снежня па 2 студзеня 2013, 150 маладых асобаў з Гродзенскай дыяцэзіі прынялі ўдзел у Еўрапейскіх Спатканнях Моладзі арганізаванай у Рыме супольнасцю з Тэзэ ў супрацоўніцтве з Рымскай дыяцэзіяй.

А 22 гадзіне перад выездам адбылася св. Імша ў Пабрыгідскім касцёле на чале з яго рэктарам, кс. Антоніям Грэмза. Непасрэдна пасля св. Імшы, дзесьці апоўначы, моладзь вырушыла ў дарогу да Вечнага Горада. У часе падарожжа група затрымася ў сталіцы Аўстрыі – Вене, дзе знайшлося крыху вольнага часу, каб зведзіць некаторыя святыні і вядомыя гісторыка-культурныя помнікі.

28 снежня Рым спаткаў нашых пілігрымаў добрым, цёплым надвор’ем. Пасля прыезду група моладзі з Гродзеншчыны накіравалася ў арганізацыйны цэнтр для размеркавання ў паасобныя парафіяльныя супольнасці.

Субота 29 снежня пачалася з ранішняй малітвы ў рымскіх парафіях, пасля чаго адбыліся спатканні ў групах. Вечарам моладзь мела магчымасць сустрэцца са Святым Айцом Бенедыктам XVI на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Дарэчы ў гэтым спатканні прыняло ўдзел каля 32 000 чалавек.

Другі дзень спаткання быў не менш насычаны. Кожны ўдзельнік у першай палове дня меў магчымасць паглыбіць пазнанне мясцовай супольнасці праз удзел у нядзельнай св. Імшы. Пасля накіравацца ў гістарычны цэнтр Рыма, каб памаліцца разам са сваімі еўрапейскімі калегамі ў галоўных каталіцкіх храмах. Апоўдні моладзь разважала паміж сабой на розныя тэмы, якія датычылі веры, духоўнасці, сучасных сацыяльных праблемаў.

Вечарам 31 снежня моладзь рыхтавалася прывітаць Новы Год у супольнай малітве за супакой ва ўсім свеце. Пасля малітоўнага чування маладыя вернікі адзначылі “Свята Народаў”, складаючы адзін аднаму пажаданні і прэзентуючы характэрныя для сваёй нацыянальнасці песні і танцы.

У першы дзень Новага Года, пасля абеду былі арганізаваныя для моладзі з розных краін нацыянальныя спатканні. Беларуская група мела такое спатканне ў 15.30 ў езуіцкім касцёле “Cor Jesu”, на якой прысутнічаў архімандрыт Сяргей Гаек, апостальскі візітатар для грэка-каталікоў у Беларусі.

2 снежня гродзенцы развіталіся з гасціннымі рымскімі парафіямі і на зваротным шляху затрымаліся толькі паглядзець на прыгажосць нямецкага Дрэздэна.

4 снежня раніцай моладзь прыбыла ў роднае Гродна.

Паводле словаў кс. Валерыя Быкоўскага, галоўнага арганізатара выезда ў Рым, гродзенская моладзь мела добрую нагоду, каб падзяліцца са сваімі калегамі сведчаннем сваёй веры, а таксама ўзмацніць самасвядомасць прыналежнасці да Паўсюднага Касцёла і Яго багатай духоўна-культурнай спадчыны.