Моладзь з акадэмічнага душпастарства "OPEN" запрашае ўсіх вернікаў паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі на карысць хворых дзетак "Пячэнька за пячэнька". Акцыя ладзіцца ў нядзелю 9 снежня ў Фарным касцёле.
Удзельнікі моладзевага душпастарства напякуць слодычаў, які будуць раздаваць вернікам пасля кожнай св. Імшы ў нядзелю ў катэдры. Узамен вернікам прапануецца пакінуць грашовую ахвяру. Сродкі моладзь збірае на карысць хворых дзетак, да якіх цягам наступнага года ўдзельнікі АД "OPEN" прыходзяць з падарункамі.
- Усе сабраныя сродкі будуць выкарыстаны для патрэб гадаванцаў Гродзенскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, - распавядаюць ініцыятары акцыі. - Але мы прыходзім да дзяцей падарыць не толькі нейкія рэчы ці цацкі, але і наш час, увагу, камунікацыю з намі.
Удзельнікі душпастарства ладзяць такую акцыю ўжо чацвёрты год. І кожны год гродзенскія вернікі ахвотна адгукаюцца на запрашэнне моладзі далучыцца да дабрачыннай справы.
Як адбывался акцыя "Пячэнька за пячэнька" ў мінулым годзе, можна прачытаць на нашым сайце тут.