У парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Жалудку 26-28 лістапада адбыліся рэкалекцыі, якія былі спалучаныя з 40-гадзінным набажэнствам. На працягу гэтых дзён айцец Андрэй Агель дапамагаў вернікам падрыхтаваць сэрцы на годнае і свядомае спатканне з Езусам Хрыстом у Эўхарыстыі.
Тэмы для сваіх канферэнцый святар падабраў, як ён сам зазначыў на пачатку, незвычайныя: у першы дзень ён разважаў з вернікамі на тэму малітвы, звяртаючы ўвагу на яе разнастайнасць, якасць, неабходнасць у жыцці кожнага чалавека; другой тэмай для разважання была тэма Крыжа і яго важнасць у сённяшнім грамадстве, а таксама у жыцці хрысціянаў; трэцяя тэма звярнула увагу на Святое Пісанне.
Таксама былі арганізаваныя асобныя канферэнцыі пасля вячэрняй Святой Імшы для жанчын і мужчын.