Skip to main content

На спатканне супольнасці Тэзэ паедзе 150 чалавек

Чарговае Агульнаеўрапейскае Спатканне Моладзі адбудзецца ў Рыме з 28 снежня 2012 года па 2 студзеня 2013 года, на якую традыцыйна збяруцца дзесяткі тысяч людзей. З Гродзенскай дыяцэзіі на гэтую сустрэчу збіраецца паехаць 150 чалавек з Гродна, Ліды, Смаргоні, Ваўкавыска. Адказным за выезд з’яўляецца кс. Антоній Грэмза, віцэканцлер гродзенскай курыі.

Для маладых асобаў з нашай дыяцэзіі, паводле словаў кс. Антонія, гэта не проста падарожжа, а выдатная магчымасць сустрэцца з моладдзю з іншых краін і з'яднацца разам з імі ў супольнай малітве, падзяліцца сваёй верай, што несумненна ўзбагачае духоўна. Галоўны арганізатар заклікаў моладзь, якая выпраўляецца ў Рым, каб адпаведна выкарыстала час дадзены Богам і змагла адкрыць радасць сустрэчы са сваімі калегамі, паглыбіць сваю веру і адчуць яе смак, а таксама духоўна адпачыць.

На дадзены момант праходзіць актыўная духоўная падрыхтоўка да супольнага выезду. 18 лістапада адбылася першая супольная малітва ў духу супольнасці братоў з Тэзэ, на якой моладзь разважала разам Святое Пісанне і спявала каноны. Наступная сустрэча адбудзецца ў Пабрыгідскім касцёле 2 снежня ў 20.00 пасля св. Імшы.

Супольнасць з Тэзэ рыхтуе дадзенае мерапрыемства ў супрацоўніцтве з Рымскай дыяцэзіяй. Вечны горад распахне свае дзверы для моладзі, якія прыбудуць таксама ў якасці паломнікаў, каб наведаць магілы апосталаў, катакомбы, Рымскія святыні і спаткацца з папам Бэнэдыктам XVI.

У пасланні Пантыфіка скіраваным да моладзі, якая сабралася ў мінулым годзе ў Берліне напісана, што “Святы Айцец вельмі цешыцца, што будзе мець магчымасць вас прыняць у наступным годзе, падчас 35 Еўрапейскага Спаткання пілігрымкі даверу. Рым сардэчна вас прывітае!”.