4 лістапада невялікая група каталіцкай студэнцкай моладзі з Італіі наведала Гродна, каб сустрэцца з мясцовымі маладымі католікамі, якія прыналежаць да акадэмічнага душпастырства “Open”, а таксама крыху пазнаёміцца з культурай нашай краіны і горада. Госці з Італіі, як высветлілася, прадстаўляюць нацыянальную арганізацыю Рух Каталіцкай Моладзі (MSC) і адначасова з’яўляюцца прадстаўнікамі розных вышэйшых навучальных устаноў на Апенінскім паўвостраве.
Спатканне распачалося ў Пабрыгіцкім касцёле ў 17.30. На пачатку сустрэчы італьянская моладзь распавяла аб сабе і сваіх зацікаўленасцях. Першым прамовіў Марціно Мерыго, нацыянальны каардынатар руху, які прывітаў ўсіх прысутных і распавёў аб сваіх першых уражаннях пра Беларусь. Спадар Марціно сказаў таксама, што наведваючы Беларусь асабіста адкрыў і глыбока адчуў паўсюднасць Каталіцкага Касцёла, адкрытасць Яго вернікаў. Намеснік каардынатара Рэнато Лавеццы публічна засведчыў аб сваёй веры, а таксама сказаў што “ў нашай краіне мы павінны расказаць аб адкрытасці тутэйшай моладзі, якая з радасцю сведчыць аб сваёй веры ”.
Падчас спаткання нашая моладзь мела магчымасць задаць свае пытанні, расказаць пра сябе, падзяліцца сваёй верай і асабістым досведам удзелу ў акадэмічным душпастырстве пад кіраўніцтвам кс. Антонія Грэмзы.
Італьянскі Нацыянальны Рух Каталіцкіх Студэнтаў (скар. Веруючыя Студэнты), хрысціянская арганізацыя, якая займаецца фармацыйна-адукацыйнай дзейнасцю сярод акадэмічнай моладзі ў галіне веры і маральнасці, а таксама ў некаторых аспектах культуры, навукі і грамадска-палітычнага жыцця згодна з сацыяльнай дактрынай Каталіцкага Касцёла. Галоўнай мэтай студэнцкага згуртавання з’яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для таго каб маладыя людзі маглі ўзрастаць і дзяліцца досведам сваёй веры. Пачаткам паўстання лічыцца сямідзесяты год мінулага стагоддзя, а ініцыятарамі - вучні каталіцкіх школ пад кіраўніцтвам бр. Джузэппэ Ладзаро, члена Кангрэгацыі Братоў Хрысціянскіх Школ. На даны момант арганізацыя налічвае больш чым 7 000 студэнтаў з усёй Італіі і мае сваіх прадстаўнікоў пры розных грамадскіх арганізацыях. Кіраўнічы орган – кардынацыйны савет з дзесяці чалавек, кожны з якіх прадстаўляе свой рэгіён. Кіраўніком структуры з’яўляецца Марціно Мерыго (Martino Merigo).
кс. Юрый Жэгарын
Фотарэпартаж будзе дададзены пазней