Сёння біскуп Аляксандр Кашкевіч, гродзенскі ардынарый павіншаваў усіх працаўнікоў службы аховы здароўя і падзяліўся сваімі думкамі пра важнасць паслугі лекара параўноваючы яе са святарскім служэннем.
- Пахвалёны Езус Хрыстус! Ваша Эксцэленцыя, ці ёсць урачы, якім Вы асабліва ўдзячныя?
- Канешне, кожнаму з нас вельмі патрэбны ўрач як для душы, гэтак і для цела. Я бы нават сказаў, што пры сустрэчы з урачамі мы заўсёды знаходзім супольную мову, бо гаворка ідзе перадусім аб здароўі, мы дбаем аб здароўі душы, а дактары дбаюць аб здароўі цела. І тое, і іншае пакліканне вельмі падобныя паміж сабой, адно аднаго дапаўняюць. Мы служым людзям. Я асабліва ўдзячны ім за медыцынскую апеку над сваёй матуляй, і ўвогуле сустракаў урачоў не толькі як спецыялістаў, але перадусім як людзей, адданых і ахвярных. Яны выконваюць вельмі важную службу для чалавека.
- А што бы хацеў ксёндз біскуп пажадаць усім працаўнікам службы аховы здароўя ў іх патранальнае свята?
- Жадаю ім, як і кожнаму чалавеку, аптымізму, нягледзячы на розныя цяжкасці і праблемы, бо гэта сапраўды вельмі цяжкая служба, у якой павінна быць ахвяра, прысвячэнне, і каб заўсёды яны бачылі ў церпячым чалавеку свайго брата, сястру, маці, родных і ўскладалі вялікую надзею на Пана Бога і даверыліся Яму. Найчасцей урачы кажуць: я толькі інструмент, выконваю свае абавязкі, і ўздымаючы дагары палец, кажуць, што Бог трымае руку над усім. Жадаю даверу і глыбокай веры, асабліва ў Годзе веры, для кожнага з нас. Маем веру, але часцей за ўсё гэта плыткая вера, і таму патрабуем увесь час асабістую веру паглыбляць і ўзрастаць у ёй. Хачу скіраваць перадусім да іх сваю глыбокую ўдзячнасць за тое, што яны спяшаюцца аблегчыць чалавечае цярпенне. Жадаю таксама, каб яны ніколі не страчвалі ахвоту па прычыне існавання чалавечай няўдзячнасці і неразумення, каб у вашым сэрцы панаваў аптымізм і радасць з таго, што яны, служачы чалавеку, служаць самому Езусу Хрысту. Няхай іх заступнік святы Лука Евангеліста мае іх у сваёй апецы.
Размаўляў кс. Юрый Жэгарын