З 13 па 15 ліпеня ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі будуць праходзіць рэкалекцыі для мам клерыкаў. Таксама на наступным тыдні запланаваны рэкалекцыі для міністрантаў. Пасля гэтага ў Гродзенскай семінарыі распачнуцца ўступныя экзамены.
Па словах кс. Яна Радзюка, духоўныя сустрэчы для маці клерыкаў розных курсаў сталі ўжо традыцыйнымі. Сёлета яны адбудуцца на тэму “Роля сям’і ў выхаванні будучых святароў” пад кіраўніцтвам кс. Яна Сарэлы, духоўнага айца семінарыі. На рэкалекцыях запланаваны духоўныя практыкаванні, малітвы, канферэнцыі. У мам будзе магчымасць задаць пытанні, пазнаёміцца з укладам семінарыйнага жыцця.
З 19 па 22 ліпеня семінарыя запрашае міністрантаў на рэкалекцыі аб распазнанні паклікання, якія правядзе духоўны айцец семінарыі кс. Тадэвуш Крыштопік. Пасля гэтага 23 ліпеня а 10-й гадзіне адбудуцца ўступныя экзамены для будучых алюмнаў: на веданне рэлігіі, пытанняў веры, гісторыі і жыцця Гродзенскай дыяцэзіі.
– Ужо ёсць некалькі чалавек, якія падалі дакументы на навучанне ў семінарыі. Пасля рэкалекцый і экзаменаў можна будзе ўжо казаць пра колькасць першакурснікаў у новым акадэміным годзе, – распавёў кс. Ян Радзюк.
Пералік дакументаў, неабходных для паступлення ў семінарыю:
• пасведчанне аб святым хросце;
• пасведчанне аб канфірмацыі;
• пасведчанне аб катэхетычным навучанні;
• пасведчанне аб сакраманце сужэнства бацькоў;
• рэкамендацыйны ліст ад пробашча парафіі;
• пасведчанне аб агульнай сярэдняй адукацыі/ атэстат (вынікі тэсціравання);
• медыцынская даведка (форма 086);
• ваенны білет (пасведчанне прызыўніка);
• біяграфія (напісаная ўласнаручна);
• заява (з указаннем матывацыі паступлення ў семінарыю);
• пашпарт; копія старонкі з фотаздымкам;
• 4 каляровыя фотаздымкi (3х4) (у пінжаку, пад гальштукам).