У трэці дзень Парафіяды ўсе удзельнікі сабраліся на гродзенскім стадыёне "Нёман". Урачыстым уваходам яны прайшлі на галоўны стадыён, несучы высока над галавой таблічкі з надпісамі сваіх мясцовасцей і парафій. Удзельнікаў прывітаў парафіядны камітэт на чале з дырэктарам стадыёна Францішкам Лецягам, які выступіў з прамовай і пажадаў усім поспехаў і высокіх вынікаў у спаборніцтвах.
Пасля малітвы і гімна ўдзельнікі Парафіяды разышліся па месцах, дзе праводзіліся спартыўныя конкурсы. Дзеці і моладзь паказвалі свае здольнасці ў розных відах спорту: бегу, футболе, валейболе, шашках, бадмінтоне і інш.
Абноўлена: Дадаліся фота з вечара ў Квасоўцы, куды па запрашэнні пробашча квасоўскай парафіі, кс. Яна Занеўскага, прыбылі маладыя ўдзельнікі парафіяды.
-- Гэта доўгачаканы дзень для ўсіх. Дзеці і моладзь з прыходаў Гродзенскай дыяцэзіі цэлы год рыхтаваліся да гэтых спаборніцтваў. Яны таксама з нецярпеннем чакаюць, калі распачнецца Парафіяда ў наступным годзе, -- распавёў ксёндз Максім Бачарнікаў, аканом Парафіяды.
Мы спыталіся аб уражаннях ад Парафіяды ў яе ўдзельнікаў.
-- Я вельмі рады, што ёсць такое мерапрыемства, дзе дзеці і моладзь могуць паказаць свае здольнасці і таленты, а таксама засведчыць веру ў Бога. Тут я балею за сваю каманду, а таксама заводжу новых сяброў, -- расказаў Максім з парафіі Божай Міласэрнасці на Вішняўцы.
-- Я вельмі задаволены тым, што прыехаў сюды, хоць знаходжуся тут першы раз. Мы спачатку молімся ў касцёле, каб усё было добра, затым едзем, каб прыняць удзел у конкурсах і спаборніцтвах, -- падзяліўся ўражаннямі адзін з удзельнікаў.
Падзяліўся сваім вопытам і меркаваннем галоўны арганізатар Парафіяды ксёндз Артур Малафей: -- У гэтым годзе мы прынялі 27 прыходаў з нашай Гродзенскай дыяцэзіі. Узрост удзельнікаў ад 11 да 19 гадоў. Гэта IV Парафіяда Гродзенскай дыяцэзіі. У гэтым годзе ў частцы трыяды "Стадыён" мы дадалі некаторыя віды спорту, каб дзеці маглі сябе яшчэ як мага больш рэалізаваць. Вялікая ўвага надаецца таксама не толькі фізічнаму боку Парафіяды, але таксама і духоўнаму. Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што незалежна ад таго, якая каманда прымала ўдзел у спаборніцтвах, усе прысутныя ўзнагароджвалі пераможцу апладысментамі, а калі хтосьці не дабіваўся пазітыўных вынікаў, то апекуны груп прыходзілі з падтрымкай і суцяшэннем для тых удзельнікаў.
Пасля цяжкага, але вельмі плённага дня, удзельнікі Парафіяды адправіліся ў Квасоўку, дзе ўсіх чакаў пачастунак і вясёлы вечар з канцэртам.