Skip to main content

Парафіяда-2012 аб'яўляецца адкрытай

Паспрабаваць свае сілы ў розных відах спаборніцтваў прыехала больш чым 300 маладых вернікаў з усёй Гродзенскай дыяцэзіі. Чацвёртая па ліку Парафіяда распачалася св. Імшой, якую ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. На пачатку Літургіі кс. Артур Малафей, галоўны арганізатар мерапрыемства, прывітаў усіх удзельнікаў Парафіяды, а таксама прысутных спонсараў. Да таго ж “каб Яго Эксцэленцыя пачуваўся сапраўдным удзельнікам Парафіяды” ад імя ўсіх парафіядаўцаў кс. Артур пад гучныя апладысменты уручыў сертыфікат і парафіядную кашульку кс. біскупу Аляксандру.

Кс. Артур прывітаў на св. Імшы прадстаўніка Генеральнага консульства РП у Гродне сп. Яцэка Даліву, таксама сп. Марыю Куель, прадстаўніка Парафіяды св. Іосіфа Каласанцыуша з Варшавы, таксама сп. Баляслава і сп. Таццяну Івашко, сп. Станіслава Занеўскага - спонсараў Парафіяды.

Сп. Марыя Куель звярнулася да ўдзельнікаў Парафіяды ў Гродне:

- Дарагія ўдзельнікі, жадаю вам сапраўднай радасці, выдатных уражанняў, добрай забавы, новых сяброў, арганізатарам жадаю атрымаць шмат задавальнення ад рэалізацыі так важанага мерапрыемства, якім з’яўляецца Парафіяда.

Яна выказала спадзяванне, што Парафіяда стане адданнем хвалы Богу, не звычайнай штодзённай, а ў прыгожы спосаб праз спорт і культуру, а таксама спрычыніцца да развіцця талентаў і пазітыўнага погляду на свет і людзей у яе ўдзельнікаў. Напрыканцы Літургіі ўдзельнікі спаборніцтваў урачыста вынеслі сцяг Парафіяды, а пасля была складзена прысяга.

Сёння ўдзельнікаў чакаюць спаборніцтвы ў межах часткі трыяды “Тэатр”. Поспехаў!