12 чэрвеня парафія благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у Гродне святкавала адпустовую ўрачыстасць у гонар сваёй нябеснай апякункі.
Мар’яна Бярнацкая ў час Другой сусветнай вайны дабравольна аддала жыццё за сваю цяжарную нявестку.
У межах урачыстасці ў часовай парафіяльнай капліцы адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. На ёй прысутнічала шмат вернікаў парафіі і госці, у тым ліку дэкан Сапоцкінскага дэканату кс. Антоні Абухоўскі, прэфект Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Ян Раманоўскі, сакратар біскупа Гродзенскага кс. Aнджэй Ганчар, дыякан Марцін Лудзіч, законныя сёстры.
У пачатку літургіі пробашч кс. канонік Юрый Марціновіч, вітаючы прысутных, адзначыў важнасць гэтага дня для парафіяльнай супольнасці і заахвоціў да малітвы праз заступніцтва благаслаўленай Мар’яны.
На Імшы маліліся таксама аб шчаслівым будаўніцтве парафіяльнага касцёла і за ўсіх, хто падтрымлівае парафію працай, ахвяраваннямі і малітвай.
Біскуп у гаміліі назваў гэты дзень адметным “для ўсёй дыяцэзіі, а асабліва для гэтай парафіі, якая з вялікай любоўю носіць імя благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай”.
“Мы сабраліся тут, каб разам аддаць пашану гэтай выбітнай жанчыне, якая пражыла простае жыццё, але пакінула пасля сябе сведчанне, якое гаворыць глыбей за тысячы слоў”, – сказаў іерарх.
Ён падкрэсліў, што святасць – “не прывілея абраных, а шлях для ўсіх”. “У вачах Бога святым можа быць той, хто без гневу ўстае ўначы да хворага дзіцяці. Той, хто кожны дзень моліцца за сваіх родных. Той, хто сумленна і ціха працуе, не патрабуючы падзякі”, – заўважыў біскуп, дадаўшы, што “менавіта такой была благаслаўлёная Мар’яна, якая не чытала багаслоўскіх кніг, але добра ведала Пісанне сэрцам”.
“У гэтым адказ для кожнага з нас: не трэба быць святаром, каб быць святым. Трэба толькі любіць. Святасць – гэта жыць з Богам там, дзе ты ёсць. І гэта першы заклік сённяшняй урачыстасці: не чакай іншага жыцця, каб быць святым; пачні тут і цяпер”, – адзначыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Па яго словах, гэтая парафіяльная супольнасць яшчэ маладая, aле “ўжо мае святы падмурак”: заступніцтва благаслаўлёнай Мар’яны. Біскуп дадаў, што гэта “вялікі дар, але і задача: быць парафіяй, якая будуецца на ахвярнай любові”.
“Касцёл будуецца не толькі цэглай і бетонным растворам. Ён будуецца з вашай малітвы, з вашай узаемнай дапамогі, з вашага служэння адзін аднаму. Кожны, хто бярэ на сябе адказнасць, нават маленькую: дапамагчы пры алтары, спяваць у хоры, прыбраць капліцу, наведаць хворага – усе яны ўваходзяць у гэтую будову”, – сказаў іерарх.
Ён заклікаў, каб кожны парафіянін дапамагаў Богу “далей будаваць святыню – не толькі з матэрыялу, але і з сэрцаў людзей”.
“Прыцягвайце дзяцей, каб вучыліся малітве. Падтрымлівайце хворых і пажылых людзей. Прабачайце адзін аднаму. Не забывайце пра бедных. І гэты касцёл стане не проста будынкам, а жывым Евангеллем, святым знакам Божай прысутнасці”, – сказаў біскуп.
Ён пажадаў вернікам, каб гэтая ўрачыстасць не засталася толькі ў іх памяці, а пераходзіла ў жыццё. “Будзьце адважнымі, як Мар’яна. Будзьце вернымі, моцнымі ў малітве, як яна. І ведайце: Бог не чакае ад нас подзвігаў, Ён чакае любові. А ў любові – усё”, – адзначыў біскуп. Ён заахвоціў парафіян звяртацца да нябеснай апякункі, прасіць яе аб дары моцнай веры і “быць яе жывым працягам тут i цяпер”, пажадаў парафіі быць “святлом надзеі, школай святасці і месцам, дзе Бог будзе праслаўлены жыццём вернікаў”.
У канцы Эўхарыстыі самыя малодшыя парафіяне ад імя ўсёй супольнасці падзякавалі біскупу за візіт і малітву, а таксама выказалі віншаванні з нагоды 50-годдзя, якое ён адзначае сёлета 14 чэрвеня.
Касцёл гэтай парафіі, які будуецца ў гродзенскім мікрараёне Баранавічы з 2022 г., будзе першым у свеце касцёлам пад тытулам бл. Мар’яны Бярнацкай. Як паведамляюць нам, “вернікі гэтай маладой энергічнай супольнасці перакананыя, што нябесная апякунка дапамагае iм жыць так, каб у гэтым жыцці хтосьці акрамя іх меў значэнне і нават быў важнейшы за iх; таму даручаюць благаслаўлёнай усе свае справы, а праз яе заступніцтва гэтыя справы прадстаўляюцца Богу”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч