10 кастрычніка ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне (Мастоўскі дэканат) адбылася Імша з нагоды трыццатага дня пасля смерці кс. Яна Варанецкага. Святар быў пробашчам ашмянскай парафіі св. Міхала Арханёла, раптоўна адышоў у вечнасць 12 верасня, паходзіць з Мікелеўшчыны і пахаваны там.
Узначаліў літургію біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, на ёй маліліся аб жыцці вечным для спачылага. Прысутнічала духавенства, родныя і знаёмыя ксяндза Яна, парафіяне.
У пачатку літургіі біскуп падкрэсліў, што гэты дзень “поўны ўдзячнасці, памяці і надзеі”: “Удзячнасці – за жыццё ксяндза Яна, за яго пакліканне, за тое, што ён быў сярод нас святаром з адкрытым сэрцам; памяці – бо ў нашых сэрцах жыве яго аблічча, яго голас, яго простасць і цеплыня; надзеі, бо, як кажа святы Павел, “надзея не асароміць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога” (Рым 5, 5)”.
У гаміліі біскуп назваў гэтую літургію “сустрэчай веры і болю, надзеі і смутку”, удзельнікі якой “сабраліся, каб перад Богам па-чалавечы яшчэ раз прамовіць тое, што не ўмяшчаецца ў словах: “Пане, чаму так рана? Чаму Ты паклікаў яго, калі ён меў яшчэ столькі планаў, столькі святарскіх мараў?” Іерарх патлумачыў, што словы апостала: “надзея не асароміць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога” азначаюць наступнае: “Нават калі ўсё навокал – змрок, нават калі зямная логіка не разумее Божых шляхоў – любоў і надзея не знікаюць. Бо Бог – не Бог смерці, а Бог жыцця”.
“Ксёндз Ян верыў у гэта глыбока. Ён навучаў, што святар павінен быць чалавекам надзеі, які нясе святло іншым нават тады, калі сам ідзе праз цемру. Ён гэтай праўдай жыў! І, магчыма, цяпер, пасля яго адыходу, мы лепш бачым, якім святлом ён быў. Ён не быў чалавекам гучных слоў – ён быў чалавекам сэрца. Ён умеў слухаць, умеў разумець, умеў быць побач. Ён быў тым, хто ў звычайных рэчах – у малітве, у служэнні, у размове – умеў паказаць прысутнасць Бога. Ён умеў бачыць у кожным чалавеку добрае, нават калі было цяжка. Ён не судзіў, ён разумеў. Ён не ставіў сцен – ён будаваў масты. Яго служэнне ў Ашмянах было кароткім, але моцным. Ён пакінуў пасля сябе не толькі ўспаміны, але і след у душах людзей: у дзяцей, якіх рыхтаваў да сакрамэнтаў, у пажылых, якіх наведваў, у маладых, якім дапамагаў знайсці шлях у жыцці. Ён быў святаром, які верыў у сілу любові – ціха, шчыра, па-святарску”, – заўважыў біскуп.
Кажучы пра тое, што ксёндз Ян памёр ва ўзросце 34 гадоў, іерарх адзначыў: “Так, гэта мала. Але ў Божых вачах не колькасць гадоў мае значэнне, а паўната сэрца. Ёсць людзі, якія жывуць доўга, але мала любяць; і ёсць тыя, хто жыве кароткі час, але з глыбінёй, якая змяняе іншых. Ксёндз Ян быў з гэтых другіх. Ён быў святаром, які згараў – не марна, а дзеля Бога. І гэта – яго святасць, яго сведчанне. Бог ведаў, што яго місія скончылася раней, чым мы хацелі. Але паўтару думку, якую я выказаў падчас яго пахавання: магчыма, ён ужо зрабіў усё, што Пан хацеў ад яго. І цяпер яго жыццё – зерне, пасеянае ў сэрцах многіх”.
“Ён быў гатовы сустрэць Пана. Яго смерць была нечаканай для нас, але не для Бога. Пан прыйшоў па свайго вернага слугу ў момант, калі яго лямпа яшчэ гарэла, – дадаў біскуп. – Можа, яна гарэла нядоўга, але ярка. І гэта полымя веры асвятліла шлях многім”.
Звяртаючыся да бацькоў спачылага, іерарх сказаў: “Вы аддалі сына Богу, і Бог прыняў гэты дар. І цяпер ён у Божых руках, у паўнаце любові”. Біскуп пажадаў ім: “Няхай Бог узнагародзіць вас за гэтую ахвяру. Бо кожная маці, якая аддае сына Хрысту, удзельнічае ў любові Марыі, якая стаяла пад крыжам”.
“Сёння мы хочам дзякаваць Богу за дар святарскага жыцця, за прыклад, за надзею, якую ён пакінуў, і маліцца, каб ён ужо ўдзельнічаў у вечным святле і стаў заступнікам для нас, для нашай дыяцэзіі, для сваёй сям’і. У Божай логіцы нічога не знікае: кожная добрая малітва, кожнае слова, кожны жэст любові жыве вечна. Таму і жыццё ксяндза Яна не скончылася, а перайшло ў іншае вымярэнне любові”, – падкрэсліў біскуп.
Пасля Імшы ўдзельнікі памаліліся на магіле ксяндза Яна, пахаванага каля парафіяльнага касцёла побач з кс. канонікам Рышардам Якубцам – яго настаўнікам і пробашчам мясцовай парафіі, памерлым у 2024 г.
Ксёндз Ян Варанецкі нарадзіўся 15 ліпеня 1991 г., паходзіць з парафіі ў Мікелеўшчыне.
Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 4 чэрвеня 2016 г. у Гродне. Быў вікарыем парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, гродзенскіх парафій Беззаганнага Зачацця
Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Францішка Ксаверыя (катэдра). У ліпені 2024 г. стаў пробашчам ашмянскай парафіі св. Міхала Арханёла.
Адышоў у вечнасць 12 верасня, пахаваны ў Мікелеўшчыне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі