Skip to main content

Канонікі катэдральнага капітулу памаліліся за памерлых святароў дыяцэзіі

kanoniki molitwa 137 лістапада ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне канонікі катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра памаліліся ў інтэнцыі спачылых святароў, якія служылі ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Канонікі прамовілі малітвы брэвіярыя. Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дэкан капітулу кс. канонік Генрык Яблонскі.

Ксёндз Павел Шанчук, дэкан дэканату Гродна-Усход і пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы, звярнуўся да прысутных з гаміліяй. Кажучы пра спачылых, ён адзначыў: “Яны не могуць сабе дапамагчы пасля смерці, але мы, якія застаёмся жыць на зямлі, можам дапамагчы, як умеем, шчырай малітвай. Мы звяртаемся да Пана Бога, просячы: даруй ім, прымі іх у сваё Валадарства”.

kanoniki molitwa 2

Святар нагадаў, што, як казаў Папа Ян Павел ІІ, маліцца за памерлых – “наш абавязак і магчымасць ім дапамагчы”.

Ксёндз Павел падкрэсліў, што трэба маліцца за памерлых святароў – “тых, якія прывялі нас да веры, удзялялі сакрамэнты”. Па яго словах, “калі святар жывы, мы прыходзім да яго па дапамогу, просім, каб памаліўся аб здароўі, ахрысціў, удзяліў сакрамэнт сужэнства”. “А ці молімся мы за святара, калі ён адыходзіць з гэтай зямлі?” – задаў ён пытанне вернікам.

У канцы літургіі прысутныя прамовілі ў інтэнцыі памерлых душпастыраў малітву “Анёл Панскі”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Агата Фядкевіч