19 кастрычніка ў кляштары сясцёр кармэлiтак Дзiцяткі Езуса ў Адамавічах адбыўся дзень засяроджання для дзяўчат. Яго тэмай былі словы “Апрануцца ў стрыманасць, сціпласць і пабожнасць” (пар. 1Цім 2, 9).
“Эмоцыі і пачуцці – неад’емная частка нашага жыцця, але нярэдка яны становяцца для нас перашкодай у зносінах з Богам, у пазнанні сябе і іншых”, – адзначаюць арганізатары і ўдзельнікі рэкалекцый. Яны дадаюць, што па гэтай прычыне тэма дня засяроджання была асабліва актуальная для дзяўчат, бо тыя нярэдка звяртаюцца да Бога з наступнымі словамі: “Езу, я зноў не адчуваю Тваёй прысутнасці”, “Я не вартая Тваёй любові, таму што так часта злуюся”, “Адчуваю апатыю, дзе Твая радасць?..”
На рэкалекцыях духоўны кіраўнік тлумачыў, што няма дрэнных ці добрых, правільных ці няправільных эмоцый – усё, што Бог уклаў у чалавека, добрае, але ёсць эмоцыі, якія цяжка перажываюцца. На такія эмоцыі і была звернута ўвага на сустрэчы.
Асноўнай думкай, якая гучала на рэкалекцыях, было тое, што эмоцыі – не ворагі, не варта ад іх уцякаць ці, наадварот, празмерна на іх факусавацца; гэта індыкатар, які паказвае на “запаленчы працэс” у сэрцы чалавека, на тое, што варта змяніць, каб быць шчаслівым. Было адзначана, што ажыццяўляць такія змены нялёгка, але вырашэнне сітуацый, прабачэнне самому сабе ці іншаму, стрыманасць, давер Богу вучаць стала падыходзіць да перажыванняў і, тым самым, вызваляюць.
Праграма рэкалекцый уключала маўчанне, малітву, адарацыю, шпацыр, размовы. Кожная з удзельніц старалася падумаць над сваімі эмоцыямі, паспрабаваць іх прыняць. Была магчымасць абмеркаваць гэтую тэму. “Хоць мы разумеем, што гэта доўгі працэс, але мы былі радасныя, таму што гэта яшчэ адна дзіўная дарога, якую можна прайсці з нашым Айцом”, – кажуць удзельніцы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі