Skip to main content

У Трабах адзначылі парафіяльную ўрачыстасць Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі

traby 5У парафіі ў Трабах (Іўеўскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. 

Святкаванне парафіяльнай урачыстасці ўключала эўхарыстычную працэсію, благаслаўленне дзяцей на новы навучальны год, благаслаўленне пасяўнога зерня і адноўленага помніка на магіле былога пробашча.

Парафія ў Трабах мае багатую гісторыю. Яе летапіс распачынаецца ў XV стагоддзі, цяперашняя святыня пабудавана ў 1905 годзе.

Урачыстасць распачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычнай працэсіяй. Потым адбылася святая Імша, на якой сабраліся не толькі вернікі аграгарадка, але і тыя, каму Трабы чымсьці дарагія.

traby 15

У слове да прысутных пробашч парафіі кс. канонік Віктар Субель успомніў гісторыю касцёла, а таксама заахвоціў берагчы і развіваць культ Маці Божай, які збераглі шматлікія пакаленні продкаў.

У канцы Эўхарыстыі адбыўся абрад благаслаўлення дзяцей на новы навучальны і катэхетычны год. Вернікам, супольнымі намаганнямі якіх была ўпрыгожана святыня, былі выказаны асаблівыя словы падзякі.

Затым парафіяне сабраліся каля касцёла на месцы пахавання былога пробашча парафіі кс. Вацлава Родзькі. Было здзейснена благаслаўленне адноўленага помніка на яго магіле.

Ксёндз Вацлаў Родзька быў закатаваны злачынцамі ў 1940 годзе. Увогуле перыяд ІІ Сусветнай вайны быў цяжкім для парафіі. Ксяндза Станіслава Зубкевіча расстралялі гітлераўцы ў 1941 годзе. Ксёндз Раман Місевіч быў закатаваны і памёр 12 верасня 1943 года. Ксёндз Францішак Цыбульскі расстраляны немцамі як закладнік 10 сакавіка 1943 года ў Лідзе. Ксяндза Пятра Араньскага забілі ў 1944 годзе.

Раман Ярмош, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі