З 30 жніўня па 1 верасня ў парафіі св. Арханёла Міхала ў Навагрудку адбыліся рэкалекцыі пакаяння за Беларусь. Яны прайшлі ў трэці раз.
Першы дзень рэкалекцый распачаўся святой Імшой у інтэнцыі ўміласціўлення Бога за грахі і знявагі. У гэтай просьбе маліўся каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, які ўзначаліў Эўхарыстыю. У гаміліі біскуп звярнуў увагу ўдзельнікаў на важнасць пакаяння і перапрашэння за грахі, а таксама на важнасць малітвы за ўсіх жыхароў нашай краіны.
Пасля Імшы адбылася аскетычная лекцыя, якую правёў а. Віталій Сапега ОР з Віцебска.
Познім вечарам вуліцамі Навагрудка прайшоў Крыжовы шлях пакаяння ў інтэнцыі нашай краіны, у якім прыняў удзел біскуп Уладзімір. Пасля гэтага незвычайнага набажэнства іерарх узначаліў малітву пакаяння за Беларусь на аснове Кнігі прарока Даніэля. Падчас малітвы ўдзельнікі ляжалі крыжам у знак глыбокага пакаяння перад Усемагутным Богам.
Рэкалекцыі адзначаліся вялікай інтэнсіўнасцю малітваў і практык пакаяння: два дні ладзіліся ўсяночныя адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, адбыліся Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, пешая пакаянная пілігрымка да Маці Божай Новага Жыцця ва Уселюб працягласцю 14 км, пакаянная працэсія са свечкамі.
Рэкалекцыі завяршыліся ў нядзелю 1 верасня святой Імшой і сведчаннямі ўдзельнікаў. Вернікі выказвалі падзяку за магчымасць удзелу ў рэкалекцыях, адзначаючы вялікую неабходнасць такіх набажэнстваў для нашай Радзімы.
Дамінік Запаснік, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Марына Валасар