Skip to main content

У Дудах прайшоў фэст з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Панны Марыі

dudy 1615 жніўня ў парафіі ў Дудах (Іўеўскі дэканат) адбыўся традыцыйны фэст з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У гэты дзень у маленькай вёсцы Дуды збіраюцца ў касцёле Нараджэння Панны Марыі, дзе знаходзіцца славуты ласкамі абраз Маці Божай, вернікі з усяго наваколля. Перад абразом яны выказваюць свае просьбы і падзякі.

Сёлета на фэст сярод іншых прыбылі 110 удзельнікаў пешай пілігрымкі з Іўя.

На пачатку ўрачыстасці пробашч дудскай парафіі кс. Вячаслаў Матукевіч прывітаў усіх прысутных: парафіянаў, духоўных асоб, пілігрымаў, якія прыйшлі пяшком ці прыехалі на роварах і машынах.

Ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч, дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas Беларусь”, падзяліўся з прысутнымі сваімі ўспамінамі пра фэст у Дудах. Ён успомніў сваё дзяцінства, звязанае з гэтым касцёлам, і выказаў радасць ад таго, што івейская зямля мае сваю асаблівую святыню ў гонар Маці Божай.

dudy 6

У гаміліі ксёндз Андрэй на падставе свайго жыццёвага вопыту падкрэсліў важнасць маці ў жыцці кожнага чалавека. “Сёння мы ўзносім малітвы за нашых маці – галоўнага чалавека для кожнага ў жыцці. Не забывайце пра іх! Не губляйце час, які мы можам прысвяціць нашым родным”, – сказаў святар.

Гістарычная даведка

Першы касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі быў пабудаваны ў Дудах у XVІ стагоддзі. З інвентара касцёла вядома аб тым, што ў яго галоўным алтары знаходзіўся абраз Маці Божай Сакальскай, які быў аздоблены дзвюма вотамі. У 1732 годзе кс. Уладзіслаў Мацкевіч пабудаваў новы касцёл, у галоўным алтары якога таксама знаходзіўся абраз Маці Божай Сакальскай. Ужо ў 1757 годзе каля яго было 72 воты і яшчэ больш за 100 каля іншых абразоў.

Цяперашні касцёл узведзены ў 1772 годзе коштам дудскіх старостаў Гераніма і Барбары з Сулістроўскіх Зянковічаў, асвячаны пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча 28 верасня 1773 года. У яго галоўным алтары таксама змяшчаўся старадаўні абраз Маці Божай Сакальскай.

Такім чынам можна лічыць, што ўрачыстасці ў Дудах маюць глыбокія карані, а абраз Маці Божай здаўна карыстаецца вялікай павагай сярод вернікаў.

Раман Ярмош, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Кацярына Сантоцкая