6 жніўня, у свята Перамянення Пана, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB адзначыў 50-гадовы юбілей.
Як паведамляе catholic.by, з гэтай нагоды юбіляр, які нясе пастырскае служэнне на Магілёўшчыне, узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай Імшы ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве.
У цэлебрацыі ўдзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, сакратар Апостальскай нунцыятуры монсіньёр Кшыштаф Сэрока і больш за тры дзясяткі святароў розных парафій. Таксама ў старадаўняй святыні прысутнічалі магілёўскія вернікі і госці.
Вітаючы прысутных, юбіляр патлумачыў духоўнае значэнне свята Перамянення Пана.
“Сёння я маю цудоўную магчымасць падчас урачыстай літургіі годна падзякаваць Пану за пяцьдзясят гадоў жыцця на гэтай зямлі і за маіх бацькоў, якія мяне нарадзілі”, – дадаў ён.
Гамілію прамовіў арцыбіскуп Станеўскі. “Сёння вы, Ваша Эксцэленцыя, святкуеце юбілей – залаты юбілей свайго жыцця, дадзенага вам Богам і прынятага вашымі бацькамі” – сказаў арцыбіскуп юбіляру і ў сувязі з гэтым звярнуўся з падзякай да яго бацькоў, узгадаў таксама пра яго сястру і ўсіх родных.
Кажучы пра Перамяненне Пана, арцыбіскуп адзначыў, што толькі Езус “можа даць нам сілы для перамены”, што “ўсё жыццё – гэта працэс” і што “толькі Бог вечны і нязменны ў сваім існаванні”.
Іерарх нагадаў важнейшыя этапы жыцця і служэння біскупа Яшэўскага, пра шлях яго паклікання, пра гады вучобы і служэння. Ён дадаў, што сёння юбіляр, генеральны вікарый архідыяцэзіі, з’яўляецца “будаўніком дома Божага і архітэктарам лёсу чалавека”, “аб яго ахвярнай працы ва ўсходняй частцы архідыяцэзіі ўсе добра ведаюць, таксама як і пра клопат аб парафіях і святынях Магілёўшчыны”.
Іерарх адзначыў, што асаблівыя намаганні біскуп Яшэўскі прыкладае дзеля адраджэння санктуарыя Маці Божай Бялыніцкай – аднаго з найстарэйшых у Беларусі: “Там пакуль у маленькай, але ўтульнай капліцы ён набіраецца духоўных і фізічных сілаў, каб вырушыць у Рым на Сінод Біскупаў на тэму сінадальнасці як прадстаўнік Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі”. Акрамя таго, біскуп адказвае за выхаванне і фармацыю беларускіх семінарыстаў, з’яўляецца “сувязным звяном” паміж епіскапатам і Каардынацыйнай групай вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі, кіруе Катэхетычным аддзелам, каардынуе працу дэканаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
“Шматлікія абавязкі дзеля збаўлення іншых, якія выконвае біскуп Аляксандр, не абмяжоўваюцца толькі „кабінетнай“ працай: наш юбіляр заўжды ў дарозе”, – заўважыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і пажадаў свайму сабрату “благаслаўлёнага падарожжа з Панам да новых абавязкаў і дасягненняў, да новых юбілеяў”.
У канцы Імшы біскуп прымаў віншаванні. Выказваючы прысутным падзяку, ён сказаў: “Разам з усімі вамі я вельмі рады сёння святкаваць юбілей пяцідзесяцігоддзя з дня нараджэння і дзякаваць Табе, Ласкавы Божа, за тое, што працягваеш выбіраць, клікаць, благаслаўляць і перамяняць свайго сына. У мяне ёсць толькі адно жаданне: каб сапраўды выканаць волю Бога, Айца і Збаўцы. Адно чаканне: глыбей пазнаць самому і абвяшчаць іншым Сына Божага. Адна смага: насычацца асалодай і радасцю Духа Святога”.
Пасля Імшы ў крыпце катэдры адбыўся святочны прыём для гасцей.