3 жніўня ў парафіі св. Казіміра ва Уселюбе (Навагрудскі дэканат) адбыўся IV хрысціянскі фестываль-рэкалекцыі “Novafest”. Сёлета яго лейтматывам былі словы з Паслання апостала Паўла да Эфесцаў: “Аднавіце дух вашага розуму і апраніцеся ў новага чалавека” (пар. Эф 4, 4).
У фестывалі ўдзельнічала каля 500 чалавек з усіх абласцей Беларусі.
Па традыцыі праграма ўключала святую Імшу, канферэнцыі, Вяночак да Божай Міласэрнасці, малітву спевам, сведчанні, Крыжовы шлях, Ружанец, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і благаслаўленне.
Фестываль традыцыйна пачаўся раніцай з рэгістрацыі гасцей і ўдзельнікаў пад спевы ў духу супольнасці Тэзэ ў выкананні барда Вольгі Хілько, музычнага кіраўніка Анастасіі Усніч і членаў гурта праслаўлення “Verbum Dei”.
Арганізатары прапанавалі ўдзельнікам розныя лакацыі: фотазона, інфацэнтр, дзіцячая пляцоўка, Казіміраўская пошта, пакой для маці і дзіцяці.
Перад Імшой усе жадаючыя маглі прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
Імшу ўзначаліў пробашч парафіі св. Арханёла Міхала ў Навагрудку кс. Юрый Жэгарын. У ёй удзельнічалі кс. Віталь Цыбульскі, а. Яўген Голуб OFMConv, кс. Яўген Амасёнак і кс. Андрэй Пышынскі.
У гаміліі ксёндз Юрый назваў важным тое, што гэты фестываль прысвечаны Багародзіцы, і дадаў, што вялікая радасць пачуць у рэфрэне псальма на гэты дзень словы: “Ты – хвала нашага народа”. Пробашч навагрудскай парафіі пажадаў, каб кожны з прысутных адчуў у сэрцы асабісты дотык Духа Святога і каб гэтаму садзейнічалі сам фестываль, месца, у якім ён праходзіць, і надвор’е ў гэты дзень.
Неад’емнай часткай фестывалю з’яўляюцца канферэнцыі. У межах першай з іх вікарый гродзенскай катэдры кс. Яўген Амасёнак разважаў на тэму новага жыцця ў адпаведнасці са словамі, у якіх заключалася тэма фестывалю: “Аднавіце дух вашага розуму і апраніцеся ў новага чалавека”. “Вельмі часта мы не хочам узяць адказнасць за сваё жыццё: перакладаем яе на Бога, на лёс або знешнія абставіны, на іншых людзей. А магчыма, Бог чакае ад нас толькі аднаго: пераасэнсаваць сваё жыццё і апрануцца ў новага чалавека, а менавіта ў чалавека, які жыве кожным днём, прымае адказныя рашэнні і не баіцца зрабіць крок наперад”, – сцвярджае ксёндз Яўген.
Францішканін а. Яўген Голуб прысвяціў канферэнцыю тэме “З Марыяй да новага жыцця”. Святар расказаў пра якасці Панны Марыі, адна з якіх – сузіранне (кантэмпляцыя), і патлумачыў, што такое сузіранне: “Гэта значыць глядзець гэтаксама, глядзець з таго самага вугла, калі Бог дазваляе нам паглядзець на наша жыццё так, як глядзіць Ён”. Айцец Яўген распавёў, што ў пастулаце часта чуў пра кантэмпляцыю, а аднойчы пачуў ад магістра наступнае: “Кантэмпляцыя – гэта калі ты выкідваеш вёслы, а Дух Святы, як вецер, накіроўвае парус”. Па словах айца Яўгена, на практыцы гэта азначае, што працэсам кіруе не чалавек, а Бог, а чалавек толькі можа падрыхтаваць усё для гэтага.
Таксама святар падзяліўся разважаннямі пра новае жыццё “праз новае сэрца”: “Калі мы звяртаемся за Бога з просьбай, каб Ён заклеіў наша сэрца суперклеем, Ён не заклейвае, а дае нам новае сэрца. Новае сэрца – новы цэнтр цябе, магчымасць па-новаму адчуваць. З каменным сэрцам цяжка прымаць рашэнні. Навяртанне – гэта разуменне, што ты не туды едзеш, гэта вяртанне да першаснай радасці, да страчанага раю”.
Сведчаннямі на фестывалі падзяліліся Анастасія Вайцішкіна з Гродна і валанцёр фестывалю Алена Русецкая з Мінска.
Падчас Крыжовага шляху ўдзельнікі разважалі над пакутай Пана ў кантэксце штодзённага жыцця. Тэксты да прыпынкаў былі створаны ўдзельнікамі моладзевага тэатра мінскага касцёла святых Сымона і Алены “За руку з Хрыстом” на аснове рэальных жыццёвых гісторый. Разважанне над гэтымі гісторыямі, духоўнае пражыванне іх садзейнічала таму, каб ва ўдзельнікаў з’явілася жаданне суцяшэння як першага кроку да аздараўлення збалелых сэрцаў згодна са словамі Езуса ў Евангеллі: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28).
На фестывалі дзейнічала Казіміраўская пошта, прызначаная для таго, каб зрабіць матэрыяльны і духоўны падарунак бліжняму. Таксама яна з’яўляецца знакам сведчання веры, праяўлення ўвагі, любові і малітоўнай падтрымкі. Адпраўляючы паштоўку праз гэтую пошту, важна было далучыць да яе малітву ў інтэнцыі адрасата, каб павялічыць духоўную каштоўнасць падарунка. З фестывалю паляцелі паштоўкі ў Баранавічы, Браслаў, Гродна, Жыткавічы, Ліду, Мінск, Пружаны, Слонім і іншыя населеныя пункты Беларусі, а таксама за мяжу.
Сёлета арганізатары прапанавалі ўдзельнікам посткросінг. У адпаведнасці з гэтым трэба было набыць паштоўку, адвольна выбраць адрас, куды паштоўка будзе высылацца, напісаць яго на ёй, а таксама напісаць малітоўнае прывітанне з Уселюба. У тэксце паштоўкі можна было ўказаць свой адрас на выпадак, калі адрасат пасля атрымання захоча асабіста напісаць адрасанту. Затым паштоўка пакідалася валанцёру.
У гэтым годзе серыі паштовак не абнаўляліся, аднак юныя мастакі прывезлі на фестываль свае малюнкі і пакінулі іх арганізатарам, каб у будучыні на іх аснове ствараліся новыя паштоўкі. На сённяшні дзень ёсць дзве серыі паштовак: першая – зробленая з фотаздымкаў фотакарэспандэнта Віктара Ведзеня, якія суправаджаюцца слупком з верша “Уселюб” паэтэсы Алены Казловіч-Усцілоўскай – валанцёра фестывалю і сёлетняй вядучай; другая – з малюнкаў, створаных дзецьмі ў межах акцыі, арганізаванай у мінулым годзе. Казіміраўская пошта пастаянна дзейнічае пры ўселюбскай парафіі. Любы наведвальнік можа проста набыць паштоўку ў парафіяльнай краме або, набыўшы і падпісаўшы яе, пакінуць у краме, адкуль яна будзе выслана адрасату.
Для малодшых удзельнікаў валанцёр Алена Русецкая арганізавала і правяла ў касцёле дзіцячы інтэрактыўны спектакль. У спектаклі было прадстаўлена наступнае: анёл-ахоўнік прыляцеў у госці і расказаў, як цудоўна з ім сябраваць і як цудоўна, калі дзеці моляцца, спяваюць пра Бога і для Бога, робяць добрыя ўчынкі.
Музычнае суправаджэнне святой Імшы і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ажыццяўляў гродзенскі гурт праслаўлення “Open”. Вяночак да Божай Міласэрнасці правялі бард Вольга Хілько і члены гурта праслаўлення “Verbum Dei”. Ужо другі год Вольга Хілько і Анастасія Усніч радуюць прысутных “танцамі Давіда” – адной з форм праслаўлення Бога, адметнай тым, што далучыцца да гэтага вясёлага карагоду хочуць часам нават людзі, якія проста назіраюць за гэтымі танцамі.
На фестывалі былі незвычайныя госці – шаснаццаць удзельнікаў велаклуба “Ровар”, які дзейнічае пры ашмянскай парафіі. Веласіпедысты-пілігрымы ўжо не першы раз наведваюць Уселюб і гэты штогадовы фестываль. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі руху “Эхад” з Гродна, моладзь з “Carlo Club” (клуба, натхнёнага асобай св. Карло Акуціса) і вялікая група прадстаўнікоў курса “Аlpha” з Мінска.
Арганізатары выражаюць шчырую падзяку ўсім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю. Сёлетні “Novafest” быў камандай, якая ўключала больш за 40 валанцёраў з усёй краіны, дзяцей валанцёраў, парафіян з Уселюба і Навагрудка, вялікую колькасць людзей добрай волі, якія дапамагалі ў арганізацыі малітвай, словам і дзеяннем. Кацярына Кулік са Шчучына з нагоды фестывалю зрабіла для ўселюбскай парафіі падарункі – вязаныя сэрцы, якія можна было набыць за ахвяраванне. Сэрца і рука былі сімвалам сёлетняга фестывалю: гэты сімвал азначаў Маці Божую Новага Жыцця, якая трымае сваю руку ля Сэрца Дзіцяці ва ўлонні.
Ганна Навіцкая, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі