Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй цэлебраваў у Будславе Імшу для пілігрымаў

hulaj budslau 145 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) пачаліся адпустовыя ўрачыстасці, у межах якіх aдбудзецца прысвячэнне Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Па рашэнні беларускага каталіцкага епіскапату сёлетні Будслаўскі фэст праходзіць пад дэвізам “Найсвяцейшае Сэрца Езуса – супакой і паяднанне нашае”.

Першую Імшу – для пілігрымаў – цэлебраваў на палявым алтары ля будслаўскай базылікі каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. Пілігрымы прыбылі ў Будслаў у асноўным у пешых пілігрымках. З тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі прыйшлі дзве пешыя пілігрымкі: з Ліды i Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка са Смаргоні.

У гаміліі біскуп звярнуў увагу на тое, якую каштоўнасць мае Найсвяцейшая Панна Марыя для кожнага чалавека і як важна трымацца Яе і браць з Яе прыклад.

hulaj budslau 6

“Марыйнасць – гэта не адзін з родаў духоўнасці. Марыйнасць – гэта не якаясьці пабожнасць ці прапанова для выбару, гэта не адзін з магчымых шляхоў, а толькі праўда пра нашу веру! – патлумачыў біскуп. – Бо па волі самога Езуса мы з’яўляемся дзецьмі Марыі!”

Іерарх адзначыў, што калі Езус, усемагутны і беспамылковы, захацеў быць непарыўна звязаны з Марыяй, прыйсці ў свет праз Яе, паставіць сябе ў поўную залежнасць ад Яе, – то гэта кажа пра тое, што так павінен рабіць і кожны чалавек. Таксама біскуп нагадаў словы святога Людвіка Грыньёна дэ Манфора: “Марыя – самы пэўны, самы кароткі і самы дасканалы сродак, каб дайсці да Езуса Хрыста”.

“Езус не толькі даў нам Марыю, але таксама даў Марыі нас! І Яе матчына Сэрца не толькі клапоціцца аб нашым навяртанні, але і прагне нашай дзіцячай любові, – падкрэсліў біскуп. – Калі Езус аддаў Яну Марыю як Маці, такім чынам робячы Яе і нашай Маці, то адначасова паставіў Яе сэрца пад многія раны: недахоп любові з боку Яе дзяцей, адкідванне… І мы ў гэтым можам суцяшаць Марыю. Яе Сэрца дае сябе і любіць, і суцяшаць”.

“Будзь з Ёю шчыры настолькі, наколькі сёння ўмееш. Але прасі таксама, каб Яна паволі мела ўсё большы доступ да тваіх спраў. Спрабуй – як Ян – узяць Марыю “да сябе”, – заахвоціў іерарх кожнага з прысутных.

Па словах біскупа, “з Марыяй зможаш любіць Езуса ўсё больш дасканала”, “а любіць Езуса – гэта значыць любіць Касцёл, бо Касцёл з’яўляецца Яго Целам”. Іерарх дадаў, што “Марыя разам з Езусам няспынна клапоціцца аб Касцёле”, “і калі хтосьці засмучаецца з-за розных праблем Касцёла – як знешніх, так і ўнутраных – то першыя менавіта Марыя з Езусам”. “Усё, што ў Езусе чалавечае, узята з Марыі”, і “Яна вучыць нас годна ўзносіць Цела Езуса над алтаром, годна прымаць у Камуніі. Яна вучыць любові да Яго Цела ў адарацыі, заўсёды кленчыць першая перад гэтым Целам”.

hulaj budslau 12

“Усё Яе Сэрца ў Езусе, і адначасова Яна з намі на зямлі і чувае над кожным крокам. Яе прысутнасць у нашай штодзённасці – рэч больш рэальная, чым нам здаецца. Тое, што Яна не бачная цялеснымі вачыма, не значыць, што Яна не стаіць каля цябе, – сказаў біскуп. – Адданне Марыі – гэта шанс для цябе. Бо Марыя глядзіць не толькі на месяц уперад. Яна вядзе да святасці, значыць – натуральна – глядзіць на ўсё жыццё ўперад”. У канцы гаміліі іерарх прапанаваў прысутным прысвяціць сябе Маці Божай словамі акту, складзенага святым Людвікам Грыньёнам дэ Манфорам.

Для каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі гэта былі першыя ўрачыстасці ў Будславе, у якіх ён удзельнічаў як біскуп.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Віктар Ведзень, catholic.by