Skip to main content

У адэльскай парафіі арцыбіскуп Кандрусевіч цэлебраваў Імшу ў вігілію адпустовай урачыстасці св. Антонія

kandrusewicz adelsk 3012 чэрвеня арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч у межах візіту ў сваю родную парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) цэлебраваў Эўхарыстыю ў вігілію адпустовай урачыстасці св. Антонія Падуанскага.

На традыцыйным фэсце св. Антонія, чый цудадзейны абраз знаходзіцца ў старадаўнім адэльскім касцёле, сабралося, як і кожны год, шмат парафіян і гасцей.

У гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў, што папулярнасць гэтага свята велізарная і ад людзей можна пачуць меркаванне, што адэльскі святы Антоній мацнейшы за тых, чые выявы знаходзяцца ў навакольных парафіях. Ён дадаў, што адэльскі фэст складаецца не толькі з духоўнай часткі – святых Імшаў і працэсій, але і з забаўляльна-культурнай, што прыцягвае людзей.

kandrusewicz adelsk 5

Іерарх адзначыў, што гісторыя распавядае пра незвычайныя падзеі, звязаныя з жыццём гэтага святога: напрыклад, калі людзі адмаўляліся слухаць яго казанні, то слухалі рыбы; асёл укленчыў перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, пераконваючы ерэтыкоў, што ў Гостыі прысутнічае Хрыстус; статуі Антонія з Немаўляткам Езусам на руках нагадваюць, што Езус з’явіўся яму.

Нагадваючы, што гэты святы вядомы як апякун у пошуку згубленых рэчаў, іерарх заўважыў, што пры гэтым не трэба думаць, быццам усё вырашыцца аўтаматычна, калі памаліцца “Ойча наш” ці “Вітай, Марыя”: святы Антоній – не чароўная палачка, трэба верыць у Божую дапамогу, якая прыходзіць праз яго заступніцтва.

kandrusewicz adelsk 8

Па словах арцыбіскупа, трагедыя сучаснага свету ў тым, што людзі губляюць веру, ад якой залежыць збаўленне. Дапамагчы ў гэтым, дадаў іерарх, можа святы Антоній, таму гэтая адпустовая ўрачыстасць павінна заахвоціць “жыць ідэяй, што немагчымае для чалавека становіцца магчымым для Бога, і з яго дапамогай вяртацца да веры”.

Арцыбіскуп адзначыў, што сёння, калі людзі губляюць веру ў Бога і звяртаюць менш увагі на звышнатуральныя і духоўныя справы, паўстае пытанне, чаму Антоній застаецца папулярным і набажэнствы да яго збіраюць натоўпы. “Адказ просты. Кожны святы – чалавек свайго часу, але адначасова той, што стаў вышэй за яго выклікі. За ўсімі захапляльнымі гісторыямі пра святога Антонія стаіць чалавек, які горача любіў Бога і нястомна абвяшчаў праўду Евангелля”, – патлумачыў іерарх.

kandrusewicz adelsk 27

Ён нагадаў, што Антоній жыў у часы ерасяў, з якімі мужна змагаўся найперш праз сведчанне Евангелля, прадстаўляў Божую праўду ў пазітыўным ключы і абараняў веру прыкладам свайго жыцця, умеў абвяргаць ілжэнастаўнікаў глыбокім веданнем Бібліі і Айцоў Касцёла і з-за свайго поспеху вядомы як “молат ерэтыкоў”. Антоній у казаннях заахвочваў даверыцца міласэрнасці Бога і атрымаць Яго прабачэнне, клапаціўся пра бедных і заклікаў да сацыяльнай справядлівасці, шмат увагі прысвячаў прымірэнню людзей з Богам у сакрамэнце пакаяння. Галоўнай яго мэтай было вярнуць людзей да міру з Богам, таму пасля Імшы ён спавядаў і казаў, што пакінуць людзей без споведзі – тое ж, што вярнуцца з палявання з пустым мяшком для дзічыны.

Арцыбіскуп заахвоціў браць са святога прыклад, каб заставацца вернымі хрысціянскаму пакліканню і сведчанню праўды Евангелля сваім жыццём.

Пасля Імшы адбылася традыцыйная працэсія са свечкамі вакол касцёла.

Пробашч кс. канонік Віктар Мыслюк і парафіяне выказалі арцыбіскупу ўдзячнасць, падкрэсліўшы, што заўсёды памятаюць пра свайго земляка ў індывідуальных і супольных малітвах.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: кс. Павел Эйсмант