8 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) праходзіла сустрэча для дзяцей, якія сёлета прыступаюць да Першай Камуніі. Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў у межах сустрэчы святую Імшу.
У сустрэчы ўдзельнічала каля 400 дзяцей. Маленькія вернікі, якія ўпершыню прынялі святую Камунію ў гэтым годзе, дзякавалі Богу за гэты дар, а таксама за сваіх блізкіх, настаўнікаў і катэхетаў, і прасілі апекі Маці Божай на час летніх канікул.
У гаміліі арцыбіскуп адзначыў, што перад прыняццем Камуніі дзеці прайшлі доўгі працэс падрыхтоўкі, вывучалі праўды веры, малітвы, хрысціянскія звычаі, паспавядаліся. Тое, што ў іх душы ўпершыню ўвайшоў Эўхарыстычны Езус, іерарх назваў вялікай падзеяй у жыцці не толькі іх саміх, але і іх сем’яў, а таксама іх парафій, якая ўзбагацілася тымі, хто будзе актыўна ўдзельнічаць у святой Імшы.
Арцыбіскуп узгадаў, што калі ў Напалеона спыталіся, якая падзея ў яго жыцці была самай важнай, ён назваў не сваю каранацыю, а Першую Камунію. Іерарх падкрэсліў, што Першая Камунія – свята не аднаго дня, а ўсяго жыцця і што Езус павінен быць частым госцем у сэрцах дзяцей.
Чытаннем Евангелля, на якім арцыбіскуп засяродзіў увагу, быў фрагмент пра пілігрымку Марыі і Юзафа з дванаццацігадовым Езусам у Ерузалемскую святыню з нагоды Пасхі. Іерарх нагадаў, што ва ўсходняй культуры, у якой выхоўваўся Езус, чалавек у 12 гадоў станавіўся дарослым з правамі і абавязкамі, якія вынікалі адсюль. Таксама ён нагадаў, што ў той час на свята Пасхі ў Ерузалеме збіралася мноства людзей і ў гэтым натоўпе даволі лёгка была згубіцца, таму Марыя з Юзафам доўга шукалі Езуса, пакуль не знайшлі ў святыні сярод настаўнікаў, якія дзівіліся Яго адказам.
Арцыбіскуп назваў гэтую евангельскую гісторыю вельмі павучальнай, асабліва сёння. Па яго словах, бацькі дзяцей, якія прыступаюць да Першай Камуніі, радуюцца гэтай падзеі, але важна тое, што будзе далей. Іерарх адзначыў, што бацькі – галоўны аўтарытэт для дзяцей, тыя бяруць з бацькоў прыклад, таму бацькам важна памятаць пра далейшую рэлігійную адукацыю дзяцей, іх удзел у далейшай катэхізацыі, нядзельнай Імшы і іншых набажэнствах – інакш кажучы, пра тое, што іх жыццё павінна быць заўсёды звязана з Касцёлам.
Арцыбіскуп прапанаваў вернікам падумаць, ці сапраўды ў жыцці так, ці паступаюць сённяшнія бацькі згодна з гэтым фрагментам Евангелля і шукаюць сваіх дзяцей у святыні, як Марыя і Юзаф, або, можа, не ў святыні, а на вуліцы.
Цытуючы евангельскае чытанне, іерарх звярнуў увагу, што Езус на пытанне Марыі, чаму Ён застаўся ў святыні, адказаў, што павінен быў быць у тым, што належыць Яго Нябеснаму Айцу, а Марыя захавала гэтыя словы ў сэрцы. Арцыбіскуп пажадаў дзецям, якія прыступаюць да Першай Камуніі, таксама захоўваць іх у сэрцах і кіравацца імі ў жыцці, каб Езус быў іх частым госцем.
Па ініцыятыве “Каталіцкага дзеяння” і шэрагу іншых каталіцкіх арганізацый у гэты дзень ва ўсім свеце а 13-й гадзіне праводзілася акцыя “Адна хвіліна дзеля міру”, якая адбываецца штогод з 2014 г. Дзеці з Гродзенскай дыяцэзіі, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы ў тракельскім санктуарыі, далучыліся да акцыі, прамовіўшы падрыхтаваную для яе малітву Папы Францішка.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі